Вясковы погляд на парадак. Дом № 2 па вуліцы Садовай у Жарабковічах не заўважыць цяжка
Дом № 2 па вуліцы Садовай у Жарабковічах не заўважыць цяжка: ідэальны парадак у двары, шмат кветак, клумбаў, розных зялёных насаджэнняў – прыгожа і ўтульна.
– Стараемся пастаянна падтрымліваць парадак. Калі сам гаспадар гэтым не будзе займацца, ніхто не прыйдзе і за яго не зробіць. Калі чыста – і самім прыемна, і перад іншымі не сорамна. У асноўным дызайнер у нашай сям’і – жонка Людміла, я толькі дапамагаю, – расказвае гаспадар падвор’я Генадзій Туцін, які выйшаў падграбці смецце, што, на першы погляд, тут і, здаецца, адсутнічае.
Увогуле, жыхары Жарабковічаў, у пераважнай большасці – дбайныя гаспадары. Амаль у кожным двары прыбрана ўжо, чыста. Ды і на вуліцах, і ў месцах агульнага карыстання наведзены парадак.
– Планаў не толькі на месячнік добраўпарадкавання, але і ўвогуле на сёлетнюю вясну шмат. Значную частку сіл кінем на аграгарадок Падлессе, дзе пройдуць раённыя «Дажынкі-2021», у прыватнасці, добраўпарадкуем парк, дасадзім дрэвы. Зараз арганізоўваем землякоў на суботнікі, якія праходзяць у многіх вёсках. Так, прыбіраліся, прыхарошваліся ў Зубелевічах, Патапавічах, іншых населеных пунк-
тах. Жыхары Сваятычаў традыцыйна талакой шчыруюць у парку і ў цэнтры вёскі: беляць дрэвы, прыбіраюцца пасля зімы. Работы хопіць усім, – гаворыць старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая.
Праўда, такія натхненне і жаданне жыць у чысціні прыходзяць не да ўсіх. Акуратны дворык дома № 7 па вуліцы Першамайскай у Гулічах. Ідылія і толькі. Але гэта ў двары. А літаральна за плотам бліжэй да дарогі звалены ў кучу так і не прыбраныя абрэзаныя галінкі дрэў. Аналагічная карціна, толькі істотна большая, і на ўездзе ў вёску з боку Клецка.
У тых жа Гулічах у зарасніках хмызняку «схаваўся» аўтобусны прыпы-
нак – зона адказнасці ДЭУ-24. Нялішнім было і лаўку з навесам тут усталяваць, каб людзям было дзе прысесці ў чаканні аўтобуса ды і ад непагоды схавацца.
Горкі – зусім невялічкая вёсачка ў Начаўскім сельсавеце. І тут суседнічаюць прыклады парадку і зусім супрацьлеглыя. Чаму адны могуць і робяць жыццё вакол сябе чыстым і прыемным воку, а іншыя ствараюць каля сваіх дамоў сметнікі? Такія антыгаспадарскія прыклады ў Горках каля дамоў № 3 і № 4/2.
Пры ўездзе ў вёску Перахрэсце дзяўчынка выграбае мінулагодняе лісце – падчас канікулаў дапамагае бацькам прыбрацца пасля зімы. Непадалёку вяскоўка ў кветніку ўладкоўвае клумбу, а крыху наводдаль мужчына рамантуе агароджу – спраў хапае, толькі паспявай працаваць.
Месячнік па добраўпарадкаванні, забеспячэнні належнага санітарнага стану, азеляненні і навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў праходзіць на Ляхавіччыне з 15 сакавіка па 16 красавіка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.