Зялёны след. Дзесяцікласнікі СШ № 1 прынялі ўдзел у Тыдні лесу

Штогод школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у Тыдні лесу. Сёлетняя вясна выключэннем не стала – 7 красавіка два дзясяткі дзесяцікласнікаў СШ № 1 далучыліся да экалагічнай акцыі, прысвечанай Году народнага адзінства. Школьны дэсант высадзіўся ў Куршынавіцкім лясніцтве, дзе ляснічы Андрэй Крук вызначыў працоўную тэрыторыю.

Адметна, што звычайна гаманлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі паводзілі сябе стрымана і ўважліва слухалі ўказанні, як правільна браць маленькае дрэўца ў рукі, рабіць лунку мячом Колесава, каб парастак прыжыўся. Самую цяжкую работу хлопцы, як сапраўдныя мужчыны, узялі на сябе.


Папрацавалі плённа і з добрым настроем – жартавалі, успаміналі цікавыя гісторыі. Незаўважна праляцелі чатыры гадзіны,  а рабяты, здаецца, і не стаміліся. Вынік акцыі: зялёнымі елачкамі засаджана тэрыторыя плошчай каля двух гектараў.
Мне, як настаўніку біялогіі, вельмі прыемна, што старшакласнікі шчыравалі з запалам і ахвотай, сталі ўдзельнікамі закладкі ляснога масіва. А яшчэ, што адбылося гэта менавіта ў Куршынавіцкім лясніцтве. Калісьці тут лесніком працаваў мой дзед Станіслаў. Не пералічыць колькі елак-сосен пасадзіў родны мой чалавек. Праўду кажуць, каб пакінуць добры след на зямлі, трэба абавязкова, акрамя іншага, садзіць дрэвы – яны жывуць не адно стагоддзе.
Дзесяцікласнікі засталіся задаволеныя вынікам працы, пасля якой пагрэліся ля вогнішча і смачна паелі – на прыроде звычайны хлеб здаецца караваем.
Рабяты шчыра ўдзячны дырэктару школы Наталлі Кулак
за магчымасць «займець» уласнае дрэва і ляснічаму Андрэю Круку – за арганізацыю пасадкі і прадастаўленыя матэрыялы.

Віктар БУЦЬКО,  настаўнік біялогіі СШ № 1.