Вайсковы абавязак. У адасобленай групе Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў вясенняя прызыўная кампанія ідзе па абазначаным плане

8 красавіка лічыцца днём утварэння ваенных камісарыятаў. Сярод тых, хто адзначыў свята, і адасобленая група Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Функцыі, ускладзеныя на падраздзяленне сёння, – ваенна-мабілізацыйная і ўлікова-прызыўная.
Чарговая прызыўная кампанія пачалася ў сакавіку.
– Вясенняя прызыўная кампанія ідзе па абазначаным плане, у пунктах якога этапы медагляду і адбор прызыўнікоў прадстаўнікамі воінскіх часцей, – адзначае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Арцём Кірута.
Чакаюцца «купцы» з пагранічных і ўнутраных войскаў, падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый.
Зараз канстытуцыйны абавязак у радах Узброеных Сіл і ўнутраных войскаў выконваюць каля 60 нашых землякоў. Яны сувязісты і дэсантнікі, вадзіцелі і танкісты, разведчыкі і пагранічнікі.
Напрыканцы сакавіка пачаўся чарговы этап комплекснай праверкі гатоўнасці воінскіх часцей Узброеных Сіл выконваць задачы па прызначэнні. Перад адасобленай групай стаяла задача апавясціць і накіраваць ваеннаабавязаных з Ляхавіцкага раёна на зборы. Павесткі былі ўручаны больш як дзясятку чалавек згодна з атрыманымі воінскімі спецыяльнасцямі. Прадстаўнікі Ляхавіччыны сталі ў строй на чатыры тыдні. За гэты час яны адновяць навыкі, якія атрымалі некалі пры праходжанні тэрміновай службы, навучацца працаваць з новымі ўзорамі ваеннай тэхнікі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.