Справа нашых рук. У Ляхавічах з’явілася сямейная алея

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На вуліцы Леніна зноў шчыраваў зялёны працоўны дэсант. На гэты раз з боку вуліцы Арлоўскага. Свае дрэўцы пасадзілі гімназісты: хлопчыкі і дзяўчынкі шчыравалі ад душы, не шкадуючы сіл. Не засталіся абыякавымі і жыхары мікрараёна: добраўпарадкаваць свае родныя мясціны  для іх – справа гонару. А па ініцыятыве райкама БРСМ насупраць раней пасаджаных вербаў і бяроз з’явілася алея сямейных дрэў.

Шчодрае вясенняе сонейка, што ў гэты дзень стварыла ідэальныя ўмовы для працы, толькі падбадзёрвала. Хлопчыкі і дзяўчынкі акуратна высаджвалі саджанцы, жартавалі, што абавязкова будуць сачыць за сваімі дрэўцамі і па дарозе ў школу наведваць свае вербы і бярозкі.
Асабліва сімвалічным дзень стаў для сем’яў, якія прысвяцілі суботнюю раніцу сямейнай справе. Яны вызначалі свае дрэўцы, запаміналі – «другое ў першым радзе», «адразу каля знака», «будзем бачыць з акна» – і загадвалі, каб раслі і мацнелі.
Колькасны вынік таксама ўражвае – яшчэ паўсотні шарападобных вербаў і 75 бярозак сёння ўпрыгожваюць выезд з райцэнтра.
– Камунгас заўсёды будзе шчыраваць на дабрабыт землякоў – рабіць горад утульным і камфортным для
жыцця. Але калі да справы далучаюцца нераўнадушныя грамадзяне, эфект прыгажосці для горада павялічваецца ўдвая.
І сэнс зусім іншы: дзеля сябе, дзеля сваіх дзяцей, дзеля роднай мясціны – тады і адносіны ашчадныя да таго, што зрабіў сам, – адзначае майстар участка добраўпарадкавання камунгаса Святлана Саласцеева.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.