Дождж выпаў кроплямі бальзаму. Палявыя работы ў Ляхавіцкім раёне не на паўзе
Дождж – на тыдні гэта слова стала адным з ключавых у асяроддзі
аграрыяў, атрымала дастаткова часты ўжытак: вельмі дарэчы, на лепшы ўраджай, хоць пыл прыб’е…
На ўраджай загадваць пакуль не будзем. А што для патэнцыяльна пасяўных і ўжо засеяных яравых палеткаў, то дождж стаў ледзь ці не кроплямі бальзаму – толькі часткова з’яўляецца метафарай.
Тэмпы яравых пасяўных работ, канешне ж, некалькі знізіліся – маюць месца факты гразевага наліпання і заліпання элементаў пасяўной тэхнікі. Як ні кажы, а ў тэхналогіі і, адпаведна, якасці работ нешта ды губляецца. Другі полюс у тым, што літаральна на вачах сталі ажываць засеяныя ў ліку першых палеткі.
Але палявыя работы далёка не на паўзе – усе сельгаспрадпрыемствы працуюць шырокім фронтам, у рэжыме нон-стоп. Рыхтуецца глеба, не спыняюцца работы па яе ўдабрэнні і ўгнаенні і іншае тэрміновае і ўраджайна важнае.
Услед за раннімі збожжавымі і зернебабовымі прыйшла пасяўная пара і чарга іншых сельгаскультур. Яшчэ раз нагадаем, што раён сее лён. З мінулага тыдня льнозавод істотна прырос засеянымі гектарамі – іх такіх цяпер ужо каля 1,3 тысячы. Пачала і паспела выйсці на ўзровень 60-працэнтнай гатоўнасці Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя.
Са сваіх нарматыўных 390, па стане на мінулую пятніцу, засеяна было больш за 220.
А на дэсерт – пра салодкае. Цукровымі буракамі раён мае намер засеяць 1,7 тысячы гектараў палёў. Раён у гэтым выпадку азначаюць ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы» і фермерскія гаспадаркі, якія бяруцца вырошчваць караняплод на, у цэлым, 450-гектарным полі.
У «Шляху новым» гэтых самых гектараў на паўсотні менш, а «Жарабковічы» з’яўляюцца нашым «салодкім» – і, дарэчы, не толькі – флагманам.
Бягучым сезонам караняплоднымі ў іх стануць 850 гектараў. Па стане на пятніцу засеянымі тут былі ледзь ці не паўтысячы гектараў.
З сяўбой яравых культур раён справіўся на 43 працэнты.
Іван КАВАЛЕНКА.