Дамашняя ідылія разбілася аб дэбош

З сямейным насіллем можа сутыкнуцца кожны. Тым не менш, яго часта недаацэньваюць, знаходзяць яму апраўданні ці проста адмаўляюць яго наяўнасць. Асабліва часта – калі размова ідзе пра псіхалагічнае, эмацыянальнае, эканамічнае насілле, а не фізічнае.

Сямейнае насілле можа ўзнікаць у парах любога ўзросту, эканамічнага і сацыяльнага ўзроўню. І хоць жанчыны часцей становяцца яго ахвярамі, такой ролі не пазбягаюць і мужчыны – асабліва гэта тычыцца слоўных абраз і эмацыянальнага маніпулявання. Самае галоўнае: падобныя паводзіны нельга цярпець, незалежна ад таго, ад каго яны паходзяць – мужчыны, жанчыны, падлетка або пажылога чалавека. Кожны заслугоўвае таго, каб адчуваць сябе ў бяспецы, каб яго шанавалі і паважалі.

За кожнай лічбай –сямейная трагедыя

Як расказаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі, з пачатку года ў нашым раёне складзены  91 пратакол па фактах нанясення пабояў (летась за такі ж перыяд – 56 пратаколаў). Было выдадзена  12 ахоўных прадпісанняў асобам, якія ўчынілі правапарушэнне ў адносінах  да членаў сваёй сям’і.

У гэтым годзе ўзбуджана тры справы па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса. У мінулым годзе за студзень – красавік узбуджана шэсць спраў па падобных артыкулах.

Гэта (не) ваша справа

Часцей за ўсё самі ахвяры насілля не хочуць прызнаваць той факт, што іх любімы чалавек аказаўся агрэсарам. Яны ўсяляк яго апраўдваюць, знаходзяць прычыны паводзінаў у сваіх дзеяннях, саромеюцца ці баяцца звярнуцца за дапамогай.

Што адбываецца за зачыненымі дзвярыма ў сем’ях, якія з першага погляду здаюцца шчаслівымі, – таямніца. Аднак, ёсць некаторыя змены ў паводзінах чалавека, якія могуць паказваць на тое, што ён перажывае насілле.

Сярод «сігналаў», якія павінны насцярожыць, – калі чалавек выказвае страх у адносінах да свайго крыўдзіцеля або занадта непакоіцца, каб дагадзіць яму, робіць усё па яго ўказцы, пастаянна тэлефануе і паведамляе, дзе знаходзіцца і чым займаецца. Ці наадварот: атрымлівае ад яго занадта частыя тэлефонныя званкі і паведамленні.

Таксама прычына насцярожыцца, калі ў паводзінах рэзка адбыліся змены: з’явілася нізкая самаацэнка ў таго, хто раней быў упэўнены ў сабе, ці ў мінулым таварыскі чалавек становіцца замкнёным, дэпрэсіўным, знаходзіцца ў стане павышанай трывожнасці, выказвае думкі пра самагубства.

Калі чалавек падвяргаецца фізічнаму насіллю, ён можа апраўдвацца і казаць, што траўму атрымаў у выніку «няшчаснага выпадку» ці «па няўважлівасці». Можа часта прапускаць працу, вучобу,мерапрыемствы без тлумачэння прычын, насіць закрытае адзенне не па сезоне, сонцаахоўныя акуляры ў памяшканні.

Людзі, якіх прымушаюць да ізаляцыі, падвяргаюцца эканамічнаму насіллю, рэдка з’яўляюцца ў грамадстве без свайго крыўдзіцеля, усё радзей сустракаюцца са сваякамі і сябрамі, і галоўнае – маюць абмежаваны доступ да грошай, крэдытных картак, аўтамабіля, а таксама павінны дакладваць аб кожнай траце.

Дапамога побач

Адзін з метадаў, якім часта карыстаюцца агрэсары, – пераканаць сваю ахвяру, што яна нікому не патрэбна і ні ад каго не атрымае дапамогі. І гэта не так. Чалавек, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, можа атрымаць дапамогу і падтрымку. У нашым раёне – у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Не першы год тут працуе крызісны пакой – месца, якое з’яўляецца часовым прытулкам для ахвяраў, пацярпелых ад насілля ў сям’і. За мінулы год паслугамі крызіснага пакоя скарысталіся тры чалавекі. У гэтым годзе аказана дапамога адной жанчыне.

Як расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Жанна Лешык, у крызісны  пакой могуць быць размешчаны людзі, якія знаходзяцца ў небяспечным для здароўя і жыцця стане, звязаным з канфліктам з іншымі членамі сям’і і падвергліся сямейнаму насіллю. Непаўналетнія дзеці могуць знаходзіцца толькі сумесна з адным з бацькоў.

Акрамя пражывання ў камфартабельных умовах, людзям у крызісным пакоі аказваецца псіхалагічная і юрыдычная дапамога. Адзінае – прадукты харчавання трэба набываць за свой кошт.

Адрас крызіснага пакоя ведаюць толькі супрацоўнікі міліцыі і работнікі тэрытарыяльнага цэнтра. Тайна захоўваецца для таго, каб агрэсар ніяк не мог уздзейнічаць на сваю ахвяру.

Больш падрабязную інфармацыю пра крызісны пакой можна даведацца па тэлефоне 6-04-20 або на гарачай лініі Ляхавіцкага ТЦСАН 2-17-93.

Пра сямейнае насілле нельга маўчаць, а яго ахвярам варта цвёрда ўсвядоміць: дзе ёсць гвалт – няма сям’і. І самае галоўнае – не трэба баяцца папрасіць аб дапамозе.

З 5 па 9 красавіка праводзілася рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без насілля». Яе галоўная мэта –прыцягнуць увагу да праблемы сямейнага насілля, аб’яднаць максімальную колькасць людзей у аказанні дапамогі і садзейнічанні дзяржаўным органам у вырашэнні праблем насілля ў сям’і, прымяненне да дэбашыраў і скандалістаў мер індывідуальнай прафілактыкі. У падобных акцыях, якія сталі традыцыйнымі, прымаюць удзел праваахоўнікі, прадстаўнікі сацслужбы, сферы адукацыі і аховы здароўя, а таксама розных грамадскіх аб’яднанняў.

Ірына КУЗЬМІЧ.