Велікодны Дабравест. У Начаўскай СШ, напярэдадні Вялікадня, прайшоў тэматычны тыдзень, прысвечаны святу

З 19 па 23 красавіка ў Начаўскай СШ, напярэдадні Вялікадня, прайшоў тэматычны тыдзень, прысвечаны святу. Яго мэта – павышэнне эфектыўнасці духоўна-маральнага выхавання праз знаёмства малодшых школьнікаў з асновамі праваслаўнай культуры.


Адкрыццё пачалося з урачыстай лінейкі, на якой кожны клас атрымаў маршрутны ліст і атрыбуты тыдня: карзінку, куліч і пяць крашаных яек, якія павінны былі папаўняцца кожны дзень, што сведчыла аб актыўным удзеле класа ў запланаваных мерапрыемствах. Працягам дня стала адкрыццё выставы творчых работ “Велікодны Дабравест”, якая працавала ўвесь тыдзень у фае. Нашы вучні разам з бацькамі зрабілі сапраўдныя шэдэўры! Захапляючым аказаўся мультфільм “Незвычайнае падарожжа Серафімы”, якая запрасіла дзяцей у займальнае падарожжа. І закончыўся дзень прэзентацыяй кнігі ”Біблія для дзяцей”.


Другі дзень таксама выдаўся насычаным і цікавым. Вучням першага класа быў прапанаваны майстар-клас у студыі малявання “Куліч ды крашанка”. Кірмаш ”Кулінарны шэдэўр” стаў яркай падзеяй дня, якая суправаджалася гульнямі і забавамі “Святло праваслаўя” і, вядома ж, разнастайнай кандытарскай выпечкай, якую з задавальненнем прадавалі вучні 2-4 класаў. Тыдзень працягваў зацікаўліваць дзяцей казкамі і гісторыямі. “Гісторыя аб першым чырвоным яйку” – так называлася інфармацыйная гадзіна ў 1 класе, а для вучняў 2-4 класаў паказаны відэафільм “Велікодныя традыцыі розных краін свету”.
Інфармацыйны праект “Ляхавічы праваслаўныя” падрыхтавалі навучэнцы 4 класа Алег Таўпека, Алег Саўчук, Кацярына Шастак. Яны пазнаёмілі прысутных з храмамі раёна і духоўным заступнікам Ляхавіцкай зямлі. На ўроках беларускай мовы кожны пачатковец прыняў удзел у конкурсе “Каліграф”. У межах тыдня прайшла акцыя “Чысты чацвер”. Вучні 1-4 класаў старанна прыбіралі свае класныя пакоі, сабралі смецце на школьным двары. Адным словам – падрыхтаваліся да свята.


Поўны кошак яек і кулічы сведчылі аб апошнім дні Велікоднага тыдня. Але дзеці прадаўжалі гуляць. Першакласнікі падарожнічалі “Вялікдзень – светлае свята”, а для вучняў 2-4 класаў арганізавана гульня-падарожжа на востраў “Велікодная радасць”. Дзеці на караблі караблі накіраваліся ад вострава Надзеі да вострава Веры, ад вострава Міласэрнасці да вострава Любві, ад вострава Пакору да вострава Радасці.
На ўрачыстай лінейцы закрыцця Велікоднага тыдня падведзены вынікі, вызначаны і ўзнагароджаны граматамі самыя актыўныя ўдзельнікі.
Рыма ІВАНОЎСКАЯ, кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання
настаўнікаў пачатковых класаў Начаўскай СШ.