В Ляховичском районе работают студотряды

Студатрадаўскі рух – адзін з папулярных і запатрабаваных напрамкаў у дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Напачатку сакавіка стартаваў рэспубліканскі промапраект “Выбіраем студатрад” і трэці працоўны семестр не спыняе свой рух. Унікальнасць праекта ў тым, што ён дазваляе планаваць працаўладкаванне юнакоў і дзяўчат і каардынаваць гэту работу. Пляцоўка створана з мэтай дапамогі маладым людзям атрымаць інфармацыю аб працоўных вакансіях у студатрадах розных профіляў. На сайце Ляхавіцкага райвыканкама таксама можна пазнаёміцца з пералікам прымаючых моладзь прадпрыемстваў. Спіс можна знайсці ў радзеле сацыяльная сфера і падраздзеле – маладзёжная палітыка.


На Ляхавіччыне студатрады працуюць з 7 красавіка. Два дзясяткі навучэнцаў Малагарадзішчанскага ВПК і Крывошынскай СШ імя М.Г. Здановіча былі прыняты на работу ў якасці падсобных рабочых 2 разраду. І экалагічныя атрады прыняліся за пасадку лесу ў Ляхавіцкім і Крывошыцкім лясніцтвах. За дзесяць дзён 11 навучэнцаў Малагарадзішчанскага ВПК амаль 44 тысячамі сеянцаў сасны, дуба і елкі засадзілі лясны ўчастак плошчай 6,4 гектары. Дзевяць студатрадаўцаў высадзілі больш за 13 тысяч сеянцаў елкі, сасны і бярозы на плошчы больш за тры гектары.
З 19 красавіка ў студатрадаўскі рух уліліся навучэнцы аграрнага каледжа. Сфарміраваны два атрады, якія задзейнічаны на абрэзцы сада ў ААТ “Нача” і добраўпарадкаванні дарожных аб’ектаў ад ДРБУ-200.
Галоўны інжынер ДРБУ-200 Вадзім Янкоўскі пералічвае фронт работы байцоў: афарбоўка поручняў моста ў Тухавічах, Задвор’і, Сваятычах, Залужжы. Дапамагалі прыбіраць у Грушаўцы.
– Працуюць рабяты хутка, якасна і добра. Прычым за работу бяруцца дружна, ніхто не стаіць і ад справы не ўвільвае, – адзначае галоўны інжынер.
Студатрадаўцы, занятыя на абрэзцы сада – яблынь, груш і іншых пладовых дрэў, таксама характарызуюцца станоўча, ды і самі юнакі і дзяўчаты задаволены працоўнай атмасферай. Трэцякурсніца ЛАКа камандзір атрада Лізавета Бародзька падкрэслівае, што ў студатрадаўскім бээрэсэмаўскім руху не першы год. Дзяўчына вучыцца на плодаагародніка і даны від дзейнасці – выдатная магчымасць прадэманстраваць свае ўменні і дапамагчы гаспадарцы. Пачынаюць работу з васьмі раніцы і да 14 гадзін.
– Разам працаваць цікава і карысна. Калі нешта не ведае адзін – дапаможа сябар, – дзеліцца Лізавета.
Плануецца, што ў ліпені каляджане будуць шчыраваць на добраўпарадкаванні комплексу былой сядзібы роду Чарноцкіх і на авечкаферме “Канюхі” ААТ “Жарабковічы”. Дзесяць навучэнцаў з СШ №2 пад сваю працоўную апеку для добраўпарадкавання райцэнтра бярэ камунгас. Рабяты з Жарабковіцкай СШ імя М.Г. Мінкевіча і Падлескага ВПК акажуць дапамогу ААТ “Жарабковічы”. Маладзёжныя фарміраванні з ліку старшакласнікаў Дараўскага ВПК будуць працаўладкаваны ў ААТ “Шлях новы”, з Ліпскай СШ – на базе фермерскай гаспадаркі ў Ліпску.
– Зараз райкам БРСМ вывучае запыты навучэнцаў працаўладкавацца ў час летніх канікулаў. Калі жадаючыя будуць, то на базе прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны будуць сфарміраваны стуадтрадаўскія атрады. Канешне, у першую чаргу прымаюцца члены БРСМ і рабяты, якія вызначаюцца ў вучобе, актыўным грамадскім жыцці, – расказвае першы сакратар райкама БРСМ Яўгеній Сініла.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.