Прысвячэнне. Першы адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы памяці майстра спорту міжнароднага класа Генадзія Валюкевіча адбыўся тыдзень назад у Ляхавічах

Больш фота тут

Больш за дзесяць гадоў у Ляхавічах праводзіўся лёгкаатлетычны турнір на прызы Генадзія Валюкевіча. І кожны раз пры асабістай актыўнай прысутнасці майстра, што, само па сабе, з’яўлялася дадатковым і ці не галоўным прызам для юных удзельнікаў спаборніцтваў, аматараў атлетыкі, якія прыходзілі не столькі на спорт, колькі «на Валюкевіча».
Сэрца чэмпіёна і рэкардсмена, майстра-міжнародніка па трайным скачку перастала біцца на самым фінішы  2019-га. Турнір на прызы Валюкевіча стаў турнірам яго памяці.

Першы адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы памяці майстра спорту міжнароднага класа Генадзія Валюкевіча адбыўся тыдзень назад. Ляхавіцкі «Колас» – скачковы сектар і бегавы авал стадыёна – стаў арэнай барацьбы. Пра надвор’е хацелася б прадоўжыць словамі адной з удзельніц бегавых стартаў: «Дождж спартсмена не палохае, дождж спартсмена бадзёрыць. Нават калі і са снегам».
Але спачатку былі словы ўспаміну, словы памяці. Прысвячаліся цудоўнаму чалавеку, выдатнаму спартсмену, знакамітаму земляку. Гучалі з нагоды адкрыцця ў будынку СДЮШАР музейнага куточка Генадзія Валюкевіча. Прысутнічалі ветэраны фізкультуры і спорту раёна, прадстаўнікі каманд-удзельніц турніру, кіраўніцтва раёна, брат Генадзія Мікалай і сын Дзмітрый. Музейная ініцыятыва зыходзіла са спартшколы, а найбольшая заслуга ў фарміраванні экспазіцыі належыць родным Генадзія Валюкевіча.
– Чалавека ўжо няма з намі, але заўсёды будзе жыць памяць пра яго, – сказаў падчас адкрыцця музея старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
На стэндах прадстаўлены элементы спартыўнай формы, баявыя шыпоўкі Валюкевіча, акрэдытацыйныя карты са спаборніцтваў, прывезеныя адтуль медалі, фотаздымкі, газетныя публі-
кацыі, асабістыя дакументы. Сбор экспанатаў будзе працягвацца, хоць і ў сваім сённяшнім варыянце музейны квадрат успрымаецца з цікаўнасцю і інтарэсам.
У спаборніцтвах удзельнічалі юнакі і дзяўчаты 2006-га і малодшых гадоў нараджэння. За Брэст выступалі навучэнцы абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Былі атлеты з Баранавіч і Баранавіцкага раёна, Століна і Давыд-Гарадка, Ганцавіч. Ляхавічы прадстаўляла каманда, складзеная з лёгкаатлетаў – выхаванцаў мясцовай СДЮШАР, былі каманды з Жарабковіцкай, Ліпскай,
Крывошынскай, Навасёл-каўскай школ, Дараўскага, Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічных комп-лексаў. Спаборнічалі рабяты ў бегу на спрынтарскія і сярэднія дыстанцыі, эстафетным бегу, спартыўнай хадзьбе, скачках у даўжыню і, канешне ж, трайным.
Спаборнічалі хлопцы і дзяўчаты па-юнацкі азартна, бескампрамісна. Калі гаварыць пра «доўгі» бег ці спартыўную хадзьбу на дзве тысячы метраў, многія з лёгкаатлетаў на фінішы выглядалі зусім не атлета-
мі – завяршаць дыстанцыю даводзілася за кошт тых самых маральна-валявых, на характары. У адным са спрынтарскіх забегаў здарылася, як можна меркаваць, дастаткова балючае падзенне. Але без ніякіх, калі не лічыць пашкоджаную ў некалькіх месцах майку, наступстваў для спартсмена – праз некаторы час ён стартаваў зноў. Гэта мы пра характар, уменне падаць і жаданне падымацца – пра тое, без чаго не бывае спорту.
Правіламі спаборніцтваў не прадугледжвалася падвядзенне камандных вынікаў выступлення. Але каб было інакш, нешта ды сігналізуе, падказвае, што ляхавічанам тут не было б роўных – надта багата выглядаюць іх індывідульныя медальныя заваяванні. Трое нашых атлетаў – Максім Болтуць і Крысціна Рэпіна (каманда СДЮШАР), Уладзіслаў Матвіенка (Жарабковіцкая СШ) – сталі двухразовымі пераможцамі турніру памяці Валюкевіча. Таксама па два медалі заваявалі яшчэ дзве выхаванкі мясцовай СДЮШАР. У Евы Кудравец першае і другое, а ў Валянціны Ляўковіч другое і трэцяе месцы ў розных лёгкаатлетычных дысцыплінах. Дуплетам на турніры стрэліла і Ліпская школьніца Юлія Буйкевіч, на рахунку якой перамога і трэцяе месца. Антон Пірштук з Навасёлкаўскай школы і Цімур Галушка
з Жарабковіцкай сталі сярэбранымі прызёрамі, а Валерыя Коршун (СДЮШАР) – бронзавым. Лепшай эстафетнай камандай стала чацвёрка Ляхавіцкай спартшколы,  а Ліпскія школьнікі былі ў гэтай дысцыпліне трэцімі.
У якасці прызоў былі, у тым ліку, і 14 мабільных тэлефонаў ад Дзмітрыя Валюкевіча. Яшчэ – кубкі, медалі, граматы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.