«Разам» на медыясферы. Школьная газета «Разам» СШ № 1 г. Ляхавічы атрымала дыплом Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «Медыясфера-2021»
Школьная газета «Разам» СШ № 1 прайшла ў фінал III Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «Медыясфера-2021». Нас запрасілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на фестывальныя мерапрыемствы, якія прайшлі 15 – 16 красавіка. У фінале прынялі ўдзел студэнты ВНУ, навучэнцы каледжаў і школ.
Арганізатары фестывалю пастараліся зрабіць праграму вельмі насычанай: падрыхтавалі ўрачыстае адкрыццё, розныя майстар-класы ад прафесіяналаў у медыйнай сферы, прэзентацыю конкурсных работ, канцэртную праграму і экскурсіі.
Мне пашчасціла пабываць на майстар-класе ад Алены Елавік «Інтэрв’ю: як разгаварыць чалавека», які прайшоў у фармаце дыялогу. Журналіст падзялілася сакрэтамі правядзення інтэрв’ю і найбольш тыповымі памылкамі, прывяла прыклады з прафесійнага жыцця.
Мы таксама паглядзелі прэзентацыі іншых удзельнікаў у намінацыі «друкаваныя СМІ». Рабяты расказвалі пра гісторыю стварэння і дзейнасць сваіх выданняў. Некаторыя з іх падалі ідэю для развіцця і нашай школьнай газеты.
Загадчыца кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык расказала нам пра крытэрыі, па якіх журы вызначала лепшыя праекты, дала парады, як зрабіць сваё выданне ўнікальным, цікавым і запатрабаваным.
Галоўнай падзеяй другога дня стала цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў маладзёжнага фестывалю-конкурсу медыяпраектаў. Выданне нашай школы атрымала спецыяльны дыплом журы «За энергію творчасці». Вельмі ўдзячны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, куратару нашай газеты Наталлі Мікалаеўне Сідор за магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемстве такога ўзроўню. Менавіта яе ўрокі і нераўнадушнае стаўленне да справы забяспечылі поспех нашай каманды.
Юлія КАЛЯДА,
рэдактар газеты «Разам» СШ № 1.