Ветэран-выдатнік. У вёсцы Ганчары Ляхавіцкага раёна жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны
Па ўзнагародах на пінжаку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Пракапенкі можна вывучаць яго баявы шлях. Каля ордэна Вялікай Айчыннай вайны пачэснае месца займаюць медалі «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», «За адвагу», «За баявыя заслугі». Адзін з самых дарагіх – «За абарону Савецкага Запаляр’я». Ён першым упрыгожыў гімнасцёрку салдата.
Вялікая Айчынная вайна ўварвалася ў жыццё, калі Валодзя Пракапенка скончыў дзевяць класаў. 21 чэрвеня 1941 года з аднакласнікамі здаў экзамен, а наступнай раніцай сусед прынёс вестку: Германія аб’явіла вайну Савецкаму Саюзу.
Уладзімір Васільевіч расказвае: тады яшчэ не разумелі, што здарылася вялікая бяда. Думалі, будзе хуткая перамога. Што ліхалецце зацягнецца, стала відавочна, калі немцы занялі райцэнтр Унеча ў Бранскай вобласці, каля якога Валодзя жыў з бацькамі і сёстрамі (туды яны за некалькі гадоў пераехалі з Касцюковіцкага раёна).
У акупацыі знаходзіліся да верасня 1943 года. Пасля вызвалення ўсім мужчынам ад 18 да 50 гадоў неабходна было прыбыць на зборны пункт. Так дзевятнаццацігадовы Уладзімір стаў у армейскі строй і адправіўся служыць у кулямётнай роце ў 101-ы стралковы полк 4-й стралковай Бежыцкай дывізіі. Салдата вывучылі на кулямётчыка. «Максім» – зброя на колах – біў добра, але і важыў нямала – 60 кіла-
грамаў. З «максімам» вызваляў вёскі Плёс і Пакалюбічы на Гомельшчыне, а потым і Гомель. Пешшу з кулямётам пераадолеў сотні дзве кіламетраў.
– Фронт тады спыніўся на рацэ Сож – немцы заселі на заходнім беразе, а нашы занялі ўсходні. Днявалі і начавалі ў балоце, – расказвае Уладзімір Пракапенка.
А на двары лістапад – холадна і снежна. Кулі ляталі над галавой, быццам самы моцны дождж. Пры фарсіраванні Сожа Пракапенка быў паранены – куля трапіла ў нагу.
У Бранску, у Арлу ў шпіталі месцаў не было, адправілі ў Тулу, дзе лячыўся паўтара месяца.
Пасля выздараўлення вучыўся спачатку на бранябойшчыка, а калі здароўе пагоршылася, салдата накіравалі ва Уладзімір вучыцца на сапёра. Так апынуўся ў 20-й штурмавой брыгадзе 447-га асобнага матарызаванага штурмавога інжынерна-сапёрнага Ропшынскага Чырванасцяжнага батальёна. Гісторыя сапёра Пракапенкі пачалася на Карэльскім фронце, дзе паміж Ладажскім і Анежскім азёрамі на рацэ Свіры ішла вайна з фінамі. За 12 месяцаў, успамінае ветэран, пад дахам начаваў лічаныя разы. Фіны за тры гады добра ўмацавалі свае пазіцыі. Баі ішлі жорсткія. Ад стрэлаў, узгадвае былы салдат, вушы закладвала – гул стаяў такі, што, здавалася, пачалося землетрасенне. Штурмавая брыгада атаку пачынала першай, абавязкова крычалі пераможнае «ўра». Брыгаду называлі Свірскай. Нават песню сачынілі: «Вспомним, вспомним мы когда-то из атаки круговой, как сражались мы в двадцатой славной Свирской штурмовой».
– Палічыў, што ў адной роце служылі салдаты не менш як 19 на-
цыянальнасцяў: якуты, грузіны, узбекі, канешне, побач рускія, беларусы і ўкраінцы…
З усімі сябраваў. А якуты неаднойчы прасілі пісьмы пісаць сваім родным, – дзеліцца ўспамінамі ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Яны яму даюцца нялёгка – на вачах слёзы.
– Вайна – гэта вельмі страшна. Не выказаць гора людзей. І яно было агульным. Вось часта гавораць пра франтавыя сто грамаў. А яны былі за працяглы час можа раз ці два. А так пастаянны бой… Не думалі, што выжывем. Толькі душа балела, як там мама, – дзеліцца Уладзімір Васільевіч.
Вайна працягвалася. Немцы разгарнулі баявыя дзеянні ў Нарвегіі. Сапёр Пракапенка сваю справу ведаў выдатна – памылка магла каштаваць жыцця. Як адзнака майстэрства – нагрудны знак «Выдатны мінёр».
Накіроўваліся на Далёкі Усход, калі пад Новасібірскам прыйшла
вестка – Перамога. Людзі, раскавае Уладзімір Васільевіч, ад радасці плакалі, цалаваліся, абдымаліся. Думалі, вось сустрэнемся з роднымі.
9 жніўня ўступілі ў вайну з японцамі. Сапёр Пракапенка працягваў баявы шлях. Разам з аднапалчанамі ставіў міны, узрываў масты, размініраваў тэрыторыі і г. д. У дзень капітуляцыі Японіі Пракапенка атрымаў медаль «За адвагу».
Пасля савецка-японскай вайны ў складзе ваенна-будаўнічага батальёна прымаў удзел ва ўзвядзенні высакавольтнай лініі і гідра-
электрастанцыі на Далёкім Усходзе – цягнулі электралінію з горада Арцёма да Варашылава (зараз Усурыйск) працягласцю каля 250 кіламетраў.
Дэмабілізаваўся яфрэйтар Пракапенка толькі ў 1947 годзе.
Бацькі жылі ўжо ў вёсцы Гашчын у Ляхавіцкім раёне і працавалі ў школе. А Валодзя пасля чатырох гадоў ваеннага шляху адправіўся ў… 10 клас.
Пасля паступіў у БДУ на фізмат. Час быў цяжкі, таму вымушаны быў перавесціся на завочку і ўладкавацца на працу. Адказны і сур’ёзны, жыццярадасны і добразычлівы, ён і ў мірным жыцці меў аўтарытэт і павагу, адбыўся ў прафесіі – стаў выдатным настаўнікам, быў дырэктарам Мядзведзіцкай школы, намеснікам загадчыка райана. На вайне меў, акрамя ўзнагарод, і шматлікія падзякі Вярхоўнага Галоўна-
камандуючага. У мірным жыцці таксама выдатнік, што пацверджана адзнакамі «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і «Выдатнік асветы СССР». Настолькі адданы справе, што нават дамашні адрас пацвярджае гэта – жыве ў вёсцы Ганчары па вуліцы Школьнай.
Май – не толькі любімы вясновы месяц Уладзіміра Васільевіча, а яшчэ і час яго нараджэння. 22 мая яму споўніцца 97 гадоў. Нягледзячы на паважаны ўзрост, наш дарагі ветэран на жыццё пазірае з аптымізмам. Цытуе вершы, узгадвае песні, жартуе, цікавіцца навінамі і палітычнымі падзеямі. І як педагог з вялікім вопытам разважае пра моладзь, сувязь навучання і выхавання і пра вялікі ўплыў на фарміраванне асобы працоўнага навучання.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.