Настаўнікі для чэмпіёнаў. 15 мая сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі фізічнай культуры і спорту

Ім належыць важная місія – разгледзець талент і патэнцыял у юных спартсменах. У гэтай прафесіі не абысціся без цярпення і бязмежнай любві да сваёй справы. Звычайна работа трэнера падчас спаборніцтваў хаваецца за межамі манежаў, татамі, спартыўных залаў, але яны, як бацькі, хвалююцца за сваіх падапечных, радуюцца іх поспехам, перажываюць за іх няўдачы. 15 мая сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі фізічнай культуры і спорту.

Трэнерскі склад СДЮШАР Ляхавіцкага раёна – восем майстроў сваёй справы. Дасягнуць сур’ёзных вынікаў у лёгкай атлетыцы юным спартсменам дапамагаюць вопытныя трэнеры Андрэй Іванюценка і Алена Ульянава. Уліўся ў лёгкаатлетычны трэнерскі склад малады спецыяліст Раман Станчык, які вярнуўся на радзіму па мэтавым накіраванні.

Дасягненні нашых рабят у спаборніцтвах па дзюдо часта трапляюць на старонкі «Ляхавіцкага весніка». Радасць перамог са сваімі падапечнымі раздзяляюць трэнеры-выкладчыкі Віктар Богуш і Рашыд Байрашэўскі. Урокі гульні ў футбол дае трэнер-выкладчык Васілій Бут-Гусаім, стаж працы якога пераваліў ужо за  20 гадоў.

Як «прыручаць» мяч дакладна ведаюць трэнеры па гандболе Аксана Лойка і Андрэй Бакунец (на здымку). Дарэчы, для Андрэя СДЮШАР стала першым месцам працы, на Ляхавіччыну ён трапіў па размеркаванні. І ўжо амаль год адточвае спартыўнае майстэрства з юнымі ляхавіцкімі гандбалістамі.

– Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры стала пытанне,куды размяркоўвацца. Варыянтаў было шмат, але я спыніўся на Ляхавічах. Тут добрая інвентарна-тэхнічная база, новая зала. Калектыў мяне прыняў выдатна, калегі заўсёды дапамагаюць. Адчуваецца падтрымка і ад дырэктара СДЮШАР Валянціны Валянцінаўны Русакевіч, – гаворыць Андрэй Бакунец.

Па словах Андрэя, акрамя маральнай, ён атрымаў і адчувальную фінансавую падтрымку ў выглядзе даплат маладому спецыялісту, а таксама арэндную кватэру ў новабудоўлі.

– Горад мне вельмі падабаецца: чыста, спакойна. Ёсць усё, каб развівацца і расці прафесійна. У сваю чаргу пастараюся зрабіць усё, каб ляхавіцкая каманда па гандболе паказвала годныя вынікі на розных спаборніцтвах, – адзначае Андрэй Бакунец.

У 2020 годзе навучэнцы СДЮШАР Ляхавіцкага раёна прывезлі 59 медалёў з абласных і 14 медалёў з рэспубліканскіх спаборніцтваў. 143 навучэнцы атрымалі юнацкі разрад, тры чалавекі – першы спартыўны і адзін выхаванец стаў кандыдатам у майстры спорту. Два спартсмены перададзены ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі: дзюдаіст Мацвей Анікей – у Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і лёгкаатлетка Крысціна Рэпіна –  у Брэсцкае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Лепшым трэнерам-выкладчыкам  па выніках 2020 года стаў Віктар Богуш.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.