Камандна-штабная пазіцыя. Карэспандэнты «ЛВ» пабывалі на тэрыторыі, дзе праходзіла камандна-штабное вучэнне
Ваеннаслужачыя батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны штодзень нясуць баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў краіны. Сваю прафпрыгоднасць яны пацвярджаюць і падчас вучэнняў. Адно з такіх – камандна-штабное – праводзілася з 4 па 6 мая пад кіраўніцтвам начальніка радыётэхнічных войскаў – начальніка ўпраўлення радыётэхнічных войскаў Ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА палкоўніка Уладзіміра Ермаловіча.
Мэта вучэнняў – удасканаленне практычных навыкаў салдатаў і афіцэраў па адбіцці нападзення праціўніка, павышэнне баявой вывучкі і ўдасканаленне ўменняў падчас вядзення разведвальна-інфармацыйных дзеянняў. Адпрацоўваліся ацэнка становішча, прыняцце рашэння на баявы выхад брыгады, скрытнае перамяшчэнне запаснога каманднага пункта ў прызначаны раён і перадача яму кіравання, абсталяванне пазіцыі новага раёна, зладжанасць баявых разлікаў і многае іншае, падкрэслівае намеснік начальніка штаба 8-й радыётэхнічнай брыгады падпалкоўнік Аляксандр Неруш.
Карэспандэнты «ЛВ» пабывалі на тэрыторыі, дзе праходзіла камандна-штабное вучэнне. З боку гэта нагадвала армейскі гарадок у палявых умовах. Усё сур’ёзна і адказна – чужому ўваход забаронены. Машыну сустракаюць на КПП і толькі пасля агляду прапускаюць далей. Вакол ваенная тэхніка, якую «шыфруе» маскіровачная сетка, рабочыя месцы інжынерна-тэхнічных супрацоўнікаў, снайпер, што назірае за абстаноўкай, ваенныя палаткі рознага прызначэння: для заслухвання службовых асоб, сталовая, месцы адпачынку, іншыя. Сэрца ваенгарадка – перасоўны пункт для кіравання войскамі. Менавіта тут на маніторах сочаць за паветранай сітуацыяй у краіне. Усё па статуце і правілах. Важнасць вучэння падкрэслівае і наяўнасць рытуальнай плошчы для заступлення на баявое дзяжурства.
Сярод ваеннаслужачых заўважаем прадстаўніцу прыгожай паловы – жанчыны таксама задзейнічаны ў вучэннях і з пастаўленымі заданнямі спраўляюцца адказна. Яфрэйтар Алена Капусціна працуе з баявымі дакументамі і картамі штаба, таму пастаянна прымае ўдзел у рознага віду вучэннях. Яе армейскі стаж – больш за 11 гадоў, кіраўніцтва характарызуе яе як супрацоўніка стараннага і сумленнага.
У цэнтры ваенгарадка «на пушцы» кругласутачна патрулюе пазіцыю ахова абароны. Сярод салдатаў тэрміновай службы – Вадзім Гарэла. У арміі ён вадзіцель-электрадызеліст і за год службы ўжо мае вопыт удзелу ў розных вучэннях.
Камандна-штабныя ж для яго ў навінку. Адзначае, што кожны раз вучыцца чамусьці новаму. На гэты раз, напрыклад, ён ахоўвае тэрыторыю. Глядзіць, каб побач не было праціўніка. У выпадку няштатнай сітуацыі салдат дакладвае начальніку аховы абароны.
…Гучыць каманда «газы!», і салдаты, афіцэры імгненна апранаюць процівагазы. Так ажыццяўляецца аэразольная маскіроўка пазіцый.
Праўду кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Уражанні ад экскурсіі па тэрыторыі вучэння не перадаць словамі – для цывільнага чалавека гэта цікава і хвалююча. Разам з газетчыкамі на вучэннях пашчасціла пабываць і навучэнцам СШ № 15
г. Баранавічы. Для іх пазнавальны ўрок па прэстыжы Узброеных Сіл правёў начальнік аддзела радыётэхнічных войскаў ВПС і войскаў СПА палкоўнік Аляксей Лісіца. Пасля такога знаёмства ў многіх юнакоў жаданне выконваць свой канстытуцыйны абавязак яшчэ больш узмацнілася.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.