Імя ім – перадавікі. У Ляхавічах у ГДК запрасілі для атрымання заслужаных узнагарод лепшых з лепшых

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Раённым злётам жывёлаводаў па праве можна назваць мерапрыемства-ўшанаванне, якое ў мінулую суботу адбылося ў гарадскім Доме культуры. Лепшых з лепшых, хто сваёй штодзённай руплівай працай паказвае важкія вынікі ў надоях і прывагах, запрасілі для атрымання заслужаных узнагарод.

З прывітальным словам да лідараў жывёлагадоўчай галіны раёна звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна адзначыў, што сёлетняе ўшанаванне павінна стаць традыцыйным, штогадовым, своеасаблівым прафесійным святам жывёлаводаў.
– Ляхавіцкі раён мае ўсе падставы, каб вярнуць свае моцныя пазіцыі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Ёсць галоўнае – выдатная база і працавітыя добрасумленныя людзі. І канкрэтныя зрухі да лепшага відавочныя. Дарэчы, 70 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі прыпадае менавіта на жывёлагадоўлю. Нягледзячы на некаторыя мінусы і недапрацоўкі, гэта галіна АПК у раёне развіваецца, людзі працуюць самааддана і вынікова, і яны заслугоўваюць самых шчырых слоў прызнання і пашаны, – падкрэсліў Мікалай Мароз.


Кіраўнік раёна пажадаў аграрыям моцнага здароўя, новых працоўных здзяйсненняў і ўручыў Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама лепшым працаўнікам, а таксама ўзнагародзіў тых, хто стаў першым у сваіх намінацыях.
Аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы МТФ «Русінавічы»  СВК «Ляхавіцкі» Людміла Працюк – адна з пераможцаў.
– Разам з Надзеяй Асаскала даглядаю 120 цялят. Яны да нас трапляюць, як толькі спаўняецца два месяцы. Клопатаў хапае, але спраўляемся. Наша задача раніцай і вечарам прыбраць у цялятніку, падрыхтаваць
кармы, напаіць-накарміць.
Працую ў «Ляхавіцкім» амаль 15 гадоў. Жыву ў Гаслаўшчыне, дом выдзеліла гаспадарка, – расказвае Людміла Працюк.
СВК «Ляхавіцкі» стаў сапраўдным трыумфатарам раённага спаборніцтва. У гаспадаркі першынство па вытворчасці і рэалізацыі мяса, а таксама трэцяе месца па вытворчасці і рэалізацыі малака. А яшчэ мноства індывідуальных працоўных перамог.
Справай ўсяго жыцця малочная галіна стала для брыгадзіра МТФ «Русінавічы» Эдуарда  Шэпета – лепшага ў раёне ў сваёй намінацыі.
– На МТФ «Русінавічы» аднолькава значную ўвагу надаём і прывагам, і надоям. Дакладна, мэтанакіравана дзейнічаюць ветэрынарная і заатэхнічная службы як у плане прафілактыкі хвароб, так і ў лячэнні захворванняў. Кармоў у гаспадарцы назапашана шмат. Створаны належныя ўмовы для ўтрымання жывёлы. Таму і паказчыкі такія, – гаворыць Эдуард Шэпет.
Сапраўдны россып узнагарод атрымалі і жывёлаводы ААТ «Жарабковічы». Быць на вяршыні славы для аператара машыннага даення МТФ «Дамашы» Наталлі Карповіч – не прывыкаць. І цяпер Наталля Віктараўна лепшая сярод калег.
– Кожны дзень усё па плане – падрыхтоўка да даення з абавязковым выкананнем санітарных нормаў, дойка. Заўсёды стараемся знайсці добрае слова для сваіх рагуль. Зараз у мяне група, у якой 50 кароў. Менш за ўсё думаем пра лічбы, галоўнае – якасна падаіць. Наша каманда цяпер – Наталля Мервяніцкая, Анастасія Прыхач і Ганна Станчык, – расказвае Наталля Карповіч.
Важнасць працы жывёлаводаў, іх неацэнны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі падкрэсліваў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса. Ён уручыў Ганаровыя граматы райсавета і дыпломы ўладальнікам другіх месцаў раённых спаборніцтваў.
Намеснік начальніка райсельгасхарчу Таццяна Кацуба павіншавала аграрыяў з мінулагоднімі поспехамі і пажадала новых здзяйсненняў сёлета. Яна ўзнагародзіла ўладальнікаў дыпломаў  ІІІ ступені.
Ушаноўвалі не толькі жывёлаводаў з перадавых гаспадарак. Пашану заслужылі і работнікі іншых сельгаспрадпрыемстваў, якія падымаліся на святочную сцэну пад апладысменты. Як справядліва адзначыла старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, падзякі ніколі не бывае многа. Прафсаюзны лідар уручыла дыпломы і падарункі прадстаўнікам розных сельгасарганізацый раёна.
– У «Шляху новым» працую 22 гады. Шкада, канешне, што цяпер у нашай гаспадарцы справы ідуць не так добра, як раней. Тады і вынікі былі куды лепшыя, і зарплата адпаведна. Спадзяёмся, што ўсё ж справы зрушацца да лепшага, – гаворыць жывёлавод ААТ «Шлях новы» Мікалай Навікевіч.
Сваіх герояў знайшлі і ўзнагароды ад раённага філіяла Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза, якія са словамі віншаванняў і пажаданняў поспехаў у працы ўручыў яго старшыня Мікалай Тарлюк.
Цудоўны падарунак – багатую творчую канцэртную праграму – падрыхтавалі культработнікі раёна. А ў фае працавала выстава-дэгустацыя ад ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» і  выстава-продаж ад райпо.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.