Спартыўных спраў героі.У сваё прафесійнае свята ў ГДК г. Ляхавічы сабраліся работнікі фізічнай культуры, спорту і ветэраны галіны на ўрачыстае ўшанаванне

БОЛЬШ ФОТА — ПА СПАСЫЛЦЫ

Перамогі і рэкорды, каманднае першынство і запамінальныя фінішы – усё гэта дэманструюць і нашы землякі-спартсмены. Сааўтарамі медалёў разам  з іх уладальнікамі з’яўляюцца і трэнеры. Але не толькі спорт высокіх дасягненняў падуладны прадстаўнікам гэтай прафесіі. Яны яшчэ і настаўнікі фізічнай культуры – клапоцяцца, каб пад-растаючае пакаленне расло здаровым, спрытным, дужым, загартаваным.

Шчыра і душэўна было ў мінулую суботу ў ГДК. Тут у сваё прафесійнае свята сабраліся работнікі фізічнай культуры, спорту і ветэраны галіны на ўрачыстае ўшанаванне. Са словамі віншавання да іх звярнуліся старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, яго намеснік Святлана Юрлевіч, дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Канешне ж, былі ўзнагароды, падарункі, падзякі і віншаванні. Атрымлівалі іх не толькі тыя, хто працуе настаўнікамі, трэнерамі, але і педагогі, якія цяпер на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму знаходзяцца ў непарыўнай сувязі са спортам. Гэта для іх гучалі такія шчырыя апладысменты.
Не абышлі ўвагай і тых работнікаў, хто клапоціцца пра матэрыяльную базу спартыўных устаноў, каб у іх было чыста і ўтульна.
Прафесійнае свята – выдатная нагода, каб узгадаць юных спартсменаў, якія паспяховымі выступленнямі славяць Ляхавіччыну. Супердзясятку рэкардсменаў узнагародзіла галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.