Кісла, але карысна. Ляхавіцкі кансервавы завод завяршае першую зрэзку шчаўя


На нарыхтоўцы сыравіны гэтымі днямі працуюць і рабочыя змены кансервавага завода Андрэй Лаўрэнчык і Уладзімір Марцінкевіч (на здымку).

Пад завязку загружаны трактар з прычэпам рухаецца з падсобнай гаспадаркі кансервавага завода ў заводскія цэхі. У кантэйнерах на гэты раз шчаўе.
– Сёлета пад шчаўе адвялі 4,5 гектара. Спрацавалі так, каб ураджай-2021 парадаваў. Першы ўкос, які пачаўся 10 мая, а завяршаецца 24 мая, паказаў, што нашы прагнозы павінны апраўдацца. За ўвесь сезон звычайна робім 4-5 зрэзак, – расказвае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
Зяленіва далікатнае і патрабуе пасля зрэзвання хуткай перапрацоўкі. Асноўны від кансервацыі са шчаўя – паўфабрыкат для смачных першых абедзенных страў. Да канца верасня, калі здымаецца апошні ўраджай, у вытворчых планах – выпусціць і паставіць у гандлёвыя сеткі рэспублікі і замежжа больш за 600 тысяч умоўных слоікаў такой прадукцыі. Выраблена ўжо 120 тысяч слоікаў.
Ляхавіцкі завод – адзін з нямногіх у краіне, хто ў такіх маштабах выпускае кансерваванае шчаўе, пастаўкі яго наладжаны ў гандлёвыя сеткі рэспублікі, санаторыі і бальніцы, закрытыя ўстановы.
А яшчэ гэта экспартны варыянт, пастаўляецца спажыўцам у Расію.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатар Мікалай Дуброўка.