Салют краіне Піянерыі. Раённы збор, прымеркаваны да Дня піянерскай дружбы, адбыўся ў Ляхавічах

Вось ужо 99 гадоў цікавымі справамі заяўляе пра сябе бадай самая масавая і папулярная дзіцячая арганізацыя – піянерская. Багатыя традыцыі мае і піянерыя Ляхавіччыны, якая аб’ядноўвае больш за дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак – піянераў і акцябрат.

Адна з іх – збірацца ў маі на раённы збор, прымеркаваны да Дня піянерскай дружбы. І сёлета нават дождж не перашкодзіў святу і не сапсаваў агульны прыўзняты настрой. Самыя актыўныя, ініцыятыўныя, пазітыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі ў чырвона-зялёных гальштуках з 15 дружын разам са сваімі старэйшымі сябрамі-важатымі сабраліся ў СШ № 1 на піянерскі збор «Заўсёды гатовы!».
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік павіншавала са святам і адзначыла, што і сёння ў сэрцах ветэранаў піянерскага руху гучаць песні, а ў вачах зіхацяць іскры кастроў. Словы падзякі адрасаваны сённяшнім піянерам, якія прымнажаюць традыцыі дружбы, узаемападтрымкі, клопату. Старшыня раённага савета ГА БРПА Аксана Субоцкая расказала, што, акрамя традыцыйных вахтаў памяці, цімураўскага руху, шэфскай дапамогі, збору металалому і макулатуры, новыя пакаленні піянераў арганізоўваюць і ўдзельнічаюць у разнастайных творчых конкурсах і акцыях, тэматычных праектах – «Алімпіяда дваровых гульняў», «ЭкаЦімураўцы», «Пазнай Беларусь», «Піянерскі квіз», «Паштоўка Вогніку», «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак», «Ветэран жыве побач», «Цуды на Каляды», «Дом без адзіноцтва» і іншых.
Кожная піянерская дружына жыве цікавым і насычаным жыццём – сумаваць не дазваляецца. Госці раённага збору – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач і першы сакратар РК ГА БРСМ Яўгеній Сініла ўручылі граматы лепшым піянерскім дружынам раёна. А пераможцай за 2020/2021 навучальны год прызнана дружына імя Мікалая Гастэлы СШ № 2. Сярод найбольш актыўных названы дружыны  «Сонечная» (СШ № 1), «Васілёк» (Конькаўскі ВПК), «Палымяныя сэрцы» (гімназія), «Спадчына» (Навасёлкаўская СШ), імя Цацына (Малагарадзішчанскі ВПК).


Захапляльную віртуальную экскурсію правяла метадыст ЦДАДіМ Наталля Скрыпнік па экспазіцыі «З глыбіні стагоддзяў» музея пад адкрытым небам, дзе прадстаўлены архітэктурныя міні-макеты славутасцяў нашага раёна. Дарэчы, сярод аўтараў некаторых і ўдзельнікі раённага піянерскага збору. Колькі эмоцый, натхнення было падчас музычнага конкурсу «Піянерскі квіз». А яшчэ рабяты з задавальненнем наведалі кінасеанс у кінатэатры «Кастрычнік».
Даніна павагі тым, хто цаною ўласнага жыцця заваяваў мір і свабоду для будучых пакаленняў, – кветкі ад удзячных нашчадкаў да помніка загінулым салдатам на плошчы Перамогі ў райцэнтры.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.