Шанц на іншае жыццё. Выязное пасяджэнне прайшло ў Крывошынскім сельвыканкаме

Дапамагчы грамадзянам, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і вярнуліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, з працаўладкаваннем і вяртаннем да жыцця ў грамадстве – такія задачы вырашае назіральная камісія пры райвыканкаме.

Яе выязное пасяджэнне прайшло 5 мая ў Крывошынскім сельвыканкаме. У рабоце камісіі прынялі ўдзел прадстаўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, сельвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, упраўлення па працы, занятасці і сацабароне, юраддзела і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
На ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС 244 асуджаныя. Сямёра грамадзян накіраваны ў ЛПП, двое не ізаляваны.
Зараз ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для данай катэгорыі асоб забраніравана 15 працоўных месцаў. Звярнуліся за дапамогай у працаўладкаванні восем чалавек, сем з іх працаўладкаваны.
На пасяджэнні назіральнай камісіі запрашаюцца грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, дапускаюць парушэнні парадку і ўмоў адбывання пакарання. На гэты раз разгледжаны сітуацыі ў дачыненні 13 грамадзян, якія пражываюць у Крывошынскім сельсавеце. Размова ішла пра недапушчальнасць супрацьпраўных паводзін, магчымасць атрымання матэрыяльнай дапамогі, аказанне садзеяння ў працаўладкаванні і вырашэнні бытавых праблем.
Эфектыўнасць барацьбы з рэцыдыўнай злачыннасцю ў многім залежыць ад арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай работы. І яна не абмяжоўваецца толькі ўгаворамі і перакананнямі.
Многія з грамадзян, маючых судзімасць, не працуюць і не жадаюць гэта рабіць, маюць нізкую прафесійную кваліфікацыю, не праяўляюць жадання займацца грамадска карыснай дзейнасцю. Хаця, як было адзначана на пасяджэнні камісіі, той, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, вярнуўся з ЛПП і не мае кваліфікацыі, можа прайсці навучанне ці перанавучанне. Яшчэ раз падрабязна прагучала, што патрэбна для пастаноўкі на ўлік у службу занятасці, агучаны і пералік вакансій у арганізацыях горада і раёна.
Як рэзюмавала намеснік старшыні райвыканкама, старшыня назіральнай камісіі пры райвыканкаме Святлана Юрлевіч, у раёне створаны неабходныя ўмовы для таго, каб дапамагчы людзям устаць на шлях выпраўлення. Але вялікае значэнне мае і асабістая дысцыплінаванасць данай катэгорыі грамадзян і іх жаданне працаваць, змяніць сваё жыццё да лепшага.
Алена КЛІМОВІЧ,  сакратар назіральнай камісіі пры райвыканкаме.