Формула трох «К». На чарговым пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама разглядаліся меры, што прымаюцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна па стварэнні трывалай кармавой базы

Пытанне аб мерах, што прымаюцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна па стварэнні трывалай кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі і нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці малака, павышэнні яго якасці, на чарговым пасяджэнні райвыканкама разглядалася падрабязна. Тэарэтычную частку дапоўніла адпрацоўка практычнага складніка ў СВК «Ляхавіцкі».

Кадры, каровы, кармы
З дакладам па касавічным пытанні выступіў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілій Пыжык.
Даклад быў з катэгорыі «заслухацца можна». Утрымліваў шмат, аднак ніколькі не лішніх, зразумелых і неспецыялісту лічбаў. Быў пабудаваны не столькі на агучванні праблемных момантаў, недахопаў і недапрацовак у сферы грамадскай жывёлагадоўлі раёна, колькі на аналізе дзе, чаму і на якім з этапаў функцыянавання жывёлагадоўчага ланцуга яны ўзнікаюць. Утрымліваў рэкамендацыі, а нярэдка патрабаванні з мэтай недапушчэння падобнага негатыва ў далейшым. У прыватнасці, на этапе найважнейшай – ці не галоўнай у гадавым
цыкле – сельскагаспадарчай кампаніі нарыхтоўкі кармоў. Наяўнасць у жывёлы поўнааб’ёмнага, кампанентна збалансаванага, высакаякаснага кармавога стала – абавязковая ўмова поспеху.
І тут вельмі дарэчы праяўляецца формула высокаэфектыўнай жывёлагадоўлі: кадры, каровы, кармы.
Зацягванне з правядзеннем і своечасовым завяршэннем першай уборкі шматгадовых траў гарантуе страты ў якасці канчатковага прадукту, ставіць пад пагрозу магчымасць правядзення паўнавартаснай, ва ўсіх сэнсах, трэцяй касьбы травяных угоддзяў.
Што тычыцца першай зялёнай уборкі, то мінула ўжо з тыдзень часу, як яна вядзецца. У прыватнасці, у ААТ «Жарабковічы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», СВК «Ляхавіцкі».
Першым укосам раёну належыць убраць дзевяць з паловай тысяч гектараў травастою. Добрым вынікам будзе лічыцца справіцца з работамі прыкладна за два тыдні. У сярэдзіне першага летняга месяца на першай касавіцы павінна быць пастаўлена кропка.
На гэты тэрмін у запасах сельскагаспадарчых арганізацый раёна павінна значыцца не менш за 100 тысяч тон сенажу. У суме – закла-
дзенага як па класічнай траншэйнай тэхналогіі, так і закансерваванага пры дапамозе палімернага матэрыялу –у так званых рукавах, чым на працягу апошніх гадоў асабліва вызначаецца ЗАТ «Белпрампрыбор», і ў абгорнутых стрэйч-плёнкай сіласных рулонах.

Як неаднаразова гучала ў ходзе рабочага дня, падчас першай касавіцы максімальны ўпор павінен быць зроб-лены на нарыхтоўках іменна сенажу. А што ж сена? Па-першае, гэты від корму ў многіх і дастаткова даўно ўжо не ў фаворы – не на шкоду вытворчым паказчыкам асобныя сельгасарганізацыі навучыліся абыходзіцца без яго.
А калі ж нехта з гаспадарнікаў не ўяўляе кармавы стол сваіх жывёльных статкаў без сена, нарыхтаваць яго можна атавай. Напрыклад, з другога ўкосу, калі надвор’е, як правіла, становіцца менш дажджлівым, больш сухім і гарачым – сенакосным.
Па стане на перадкасавічную пару, у аграпрамысловым сектары Ляхавіччыны назіраўся некаторы – некрытычны – дэфіцыт механізатарскіх кадраў. Па інфармацыі Васілія Пыжыка, гэтымі ключавымі на вёсцы спецыялістамі АПК раёна ўкамплектавана ў сярэднім на 92 працэнты. Хто будзе руліць на корманарыхтоўчай ніве? Гаспадаркі правялі рэвізію работ, зыходзячы з прынцыпу іх тэрміновасці. Механізатараў, занятых на неактуальных ці малаактуальных гэтым часам работах, перааформілі і паставілі ў пракос. Некаторым сельгаспрадпрыемствам рабочай сілай дапамогуць нясельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, магчыма, практыканты-навучэнцы спецыялізаваных навучальных устаноў і іншыя. Як адзначыў дакладчык, ключавое значэнне ў якасным вядзенні і своечасовым завяршэнні ўборкі траў адыгрывае фактар матывацыі работнікаў. Асабліва тых, хто цэлымі днямі ў полі, хто гатовы заставацца ў полі, на яме звыш звышурочна – каб завяршыць пільна тэрміновае.

Вучымся ў «Ляхавіцкага»
У мінулую пятніцу сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў стаў палявым вучэбным цэнтрам. Члены райвыканкама на чале са старшынёй Мікалаем Марозам, спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі і галоўныя спецыялісты гаспадарак раёна выехалі на палі перадавога СВК. З мэтай яшчэ раз асвяжыць у памяці касавічна-арганізацыйныя веды і навыкі.
Дарэчы, СВК «Ляхавіцкі» з’яў-ляецца адным з тых аграпрад-прыемстваў, дзе сена ў рацыёне жывёлы прысутнічае па мінімуме – хіба толькі ў цялят. Але тут заўсёды з «вялікім малаком» і высокімі прывагамі, яшчэ і таму, што гаспадарка не сустракаецца з недахопам кармоў. Наадварот, іх заўсёды многа і розных: з наступленнем пашавай пары малочныя статкі стапрацэнтна выходзяць у палі. У тым ліку і на спецыяльна падрыхтаваныя для таго з восені – на азімыя зерневыя. З мэтай магчымасці атрымання высокай якасці сенажоў, у тым ліку і ў палімернай упакоўцы, у распараджэнні кааператыва «карта» патрэбных зялёных угоддзяў, парк спецыялізаваных машын і механізмаў, адказныя і прафесійныя ў сваёй справе кадры.
Адзін з наведаных палеткаў у той дзень ужо ўбіраўся. Скошаная напярэдадні трава за прыкладна суткі часу прый-шла ў стан сянажнай вільготнасці. Як расказаў Васілій Пыжык, важна дасушыць траву, але залішне не перасушыць. Ненарматыўна сухая сянажная маса дрэнна трамбуецца, а пустоты правакуюць узнікненне і распаўсюджванне шкоднай мікрафлоры. Гэта адзін з прыкладаў таго, што ў справе корманарыхтовак не бывае дробязяў, усё мае значэнне, а любая, часам незаўважная, прамашка ў тэхналогіі адбіваецца на якасці канчатковага прадукту. Што, у сваю чаргу, цягне ў мінус удойнасць, прывагі і, у рэшце рэшт, эканоміку прадпрыемстваў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.