ART motion і тэатральная творчасць. Жыхар Ляхавіцкага раёна стаў лаўрэатам III Міжнароднага конкурсу мастацтваў ART motion
У Мінску падведзены вынікі III Міжнароднага конкурсу мастацтваў ART motion, у якім за званне пераможцы змагаліся тысячы ўдзельнікаў з 12 краін свету.
Ацэньвала выступленне журы міжнароднага ўзроўню. На цырымоніі ўзнагароджання, за якой канкурсанты назіралі ў прамым эфіры, сярод лаўрэатаў агучана прозвішча нашага земляка – Аляксандра Пішча з Навасёлкаўскага СДК. Аляксандр заваяваў дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі «тэатральная творчасць».
Аляксандр Пішч – асоба творчая, крэатыўная і таленавітая. Заканчвае чацвёрты курс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і хутка атрымае дыплом па спецыяльнасці «рэжысура тэатралізаваных святаў». Але ўжо сёння ён акцёр размоўнага жанру тэатра маладзёжнай эстрады і прымае актыўны ўдзел у разнастайных рэспубліканскіх мерапрыемствах і конкурсах. Быў памочнікам рэжысёра на Калядным балі, удзельнічаў у сталічным канцэрце на Дзень Перамогі і г. д. Іграў на гітары ў адным нумары з Ядвігай Паплаўскай. Першай сур’ёзнай рэжысёрскай работай, можна сказаць, дэбютам нашага земляка стала ў 2019 годзе арганізацыя мінскай «Бібліяночы» пад назвай «БібліяLIVE». У складзе творчай каманды
рыхтаваў сёлятняе рэспубліканскае свята «Апошняга званка» ў Бабруйску.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.