Феерыя поспеху. У апошнюю суботу мая канцэртна-гульнёвай праграмай «Феерыя поспеху» загучаў фінальны акорд чарговага для ЦДАДіМ г. Ляхавічы навучальнага года

На працягу ўсяго навучальнага года да ўрокаў і пасля іх спяшаліся гарадскія і вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут пад кіраўніцтвам шчодрых на ідэі педагогаў больш за 1300 рабят з задавальненнем і інтарэсам займаліся ў 120 групах аб’яднанняў па інтарэсах.

Колькі ўсяго адбылося за 2020/2021 навучальны год! Удзел і перамогі ў конкурсах, фестывалях, аглядах, выставах, фэстах, дзе засвяціліся нашы юныя зорачкі. Стваралі сапраўдныя шэдэўры з прыродных матэрыялаў, выразалі з дрэва, танцавалі і спявалі, гумарылі, асвойвалі турыстычныя маршруты, падарожнічалі па краіне і выступалі на сцэнічных пляцоўках, рэалізоўвалі праекты і паказвалі неверагодныя вынікі – творчых і адукацыйных здабыткаў шмат, як і яскравых, запамінальных імгненняў. Рабяты не толькі развівалі свае таленты, рэалізоўвалі мары і задумы, але з карысцю бавілі вольны час, а многія і ўвогуле знайшлі занятак для душы.
І вось у апошнюю суботу мая канцэртна-гульнёвай праграмай «Феерыя поспеху» загучаў фінальны акорд чарговага для ЦДАДіМ навучальнага года. На гэты раз надвор’е спрыяла агульнаму настрою – панавала цёплая, сонечная, шчырая атмасфера. Радасць свята з дзецьмі раздзялілі не толькі іх старэйшыя сябры – педагогі, але і бацькі. Менавіта ім падзякавала дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік за разуменне, падтрымку і такіх таленавітых дзяцей. Самыя актыўныя і творчыя гурткоўцы ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі, адзначаны і лепшыя аб’яднанні па інтарэсах. Свае першыя медалі атрымалі самыя маленькія навучэнцы – удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Малышок».

А колькі апладысментаў гучала падчас выступленняў рабят! У насычанай праграме былі гульні, песні, харэаграфічныя нумары, працавала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дэманстравалі свае навыкі аматары турызму.
Навучальны год завяршыўся, але ЦДАДіМ не развітваецца з рабятамі, а прапануе разам правесці летнія канікулы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.