З натхненнем на добрыя справы. Райкам БРСМ далучыўся да праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Роднае – народнае»

Дзяржаўная сімволіка не толькі аб’ядноўвае, яна выступае і ў якасці стымулу да актыўнай грамадзянскай пазіцыі

2 чэрвеня райкам БРСМ, супрацоўнікі РАНС і Асвода, байцы маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Сапсан» аграрнага каледжа далучыліся да праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Роднае – народнае», які ў Год народнага адзінства накіраваны на папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў.

– Дзяржаўныя сімвалы – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і адрознівае ад іншых народаў. Таму вырашылі мерапрыемствы і сустрэчы сімвалічна пачынаць з памятнага кадра з дзяржаўным флагам, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Яўгеній Сініла.
Фотаздымкам у абрамленні дзяржсімвалаў на фоне інсталяцыі «Я люблю Ляхавічы» абазначылі старт у раёне абласной маладзёжнай прафілактычнай акцыі «Бяспека ў нашых руках!». Часткай яе з’яўляецца і штогадовая акцыя «Летні патруль», якая накіравана на папярэджанне няшчасных выпадкаў і гібелі людзей на вадаёмах.
Як толькі вада прагрэецца да неабходнага градуса, на рэкі і азёры пацягнуцца жадаючыя паплаваць. Ужо сёння выратавальнікі і Асвод на варце бяспекі насельніцтва. У дапамогу ім – байцы маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Сапсан». З імі ў мінулы аўторак на зоне адпачынку ў райцэнтры супрацоўнікі РАНС сумесна з прадстаўнікамі раённага савета Асвода і БРСМ правялі «навучальны ўрок».
Прафесіяналы адпрацоўвалі з «сапсанаўцамі» правілы аказання першай даўрачэбнай меддапамогі, аператыўнасць апранання ў выратавальную амуніцыю, знаёмілі з асаблівасцямі воднай і прыбярэжнай акваторыі, дзе патруль будзе несці дзяжурства.  
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.