На «Зарніцы» – наш «Лідар». Рабяты з СШ №1 г. Ляхавічы на абласным злёце ўвайшлі з дзясятку лепшых
Ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» зноў аб’явіла збор. Месцам дыслакацыі 19 каманд з усіх раёнаў вобласці стаў ваенны палігон пад Брэстам. Сярод больш як дзвюх сотняў рабят – і атрад «Лідар» – навучэнцы 7 – 9 класаў з СШ № 1.
Сёлета «Зарніца» прысвячалася 80-годдзю гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.
– Што такое «Зарніца»? Для рабят гэта магчымасць адчуць на ўласным вопыце армейскае жыццё і акунуцца ў ваенную атмасферу. Яны пазнаёміліся з сучаснай тэхні-кай і ўзбраеннем, ім было цікава пагутарыць з ваен-наслужачымі, паслухаць іх расказы пра баявыя будні, – адзначае настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Віктар Пастарнакевіч, які і падрыхтаваў каманду-ўдзельніцу. Падтрымлівала рабят і дапамагала ім педагог-арганізатар школы Інга Машэй.
«Зарніца» праводзіцца з мэтай патрыятычнага выхавання падлеткаў, фарміравання жадання садзейнічаць росквіту краіны і ганарыцца яе поспехамі, баявымі традыцыямі. Праграма спаборніц-тва ўключала конкурс «Снайпер», ваенізаваную эстафету. Юнаармейцы з інтарэсам адказвалі на пытанні інтэлектуальнага квізу, праявілі творчыя здольнасці ў конкурсе візітовак і баявых лісткоў, аглядзе строю і песні.
– Два дні праляцелі незаўважна – гульня вельмі цікавая і захапляльная. Мы знаходзіліся практычна ў ваенных умовах. І гэта новыя ўражанні і ўменні. З усіх выпрабаванняў самай складанай нам падалася ваенізаваная эстафета. Неабходна было пералезці праз сцяну, даставіць пацярпелага на насілках і аказаць яму першую медыцынскую дапамогу, выканаць іншыя заданні, – дзеліцца камандзір атрада Вікторыя Навіцкая.
Рабяты не падвялі і праявілі сябе камандай дысцыплінаванай і моцнай. Перад цяжкасцямі не разгубіліся ні хлопчыкі, ні дзяўчынкі. Па выніках спаборніцтва «Лідар» увайшоў у абласную дзясятку лепшых – заняў восьмае агульнакаманднае месца. Перамогу нашы юнаармейцы святкавалі ў конкурсе зборкі і разборкі аўтамата. За афармленне баявога лістка ўзнагароджаны дыпломам III ступені. Рабяты разлічваюць, што набытыя вопыт і ўменні дапамогуць ім дастойна зая-віць пра сябе восенню на ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня».
– Такія спаборніцтвы патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі, але дазваляюць рабятам хоць на нейкі час забыць пра камп’ютары і тэлефоны, задзейнічаць свае здольнасці і магчымасці, адчуць падтрымку таварышаў па камандзе. Для хлопцаў гэта і своеасаблівая рэпетыцыя службы ў арміі, – падкрэслівае намеснік дырэктара школы Наталля Маслоўская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.