Меліярацыя – справа сямейная. У нядзелю Дзень меліяратара адзначаць і нашы землякі – калектыў УП «Ляхавіцкае ПМС»

Пракладванне, эксплуатацыя, рамонт, рэканструкцыя асушальных каналаў, арашэнне зямель, мерапрыемствы дзеля паляпшэння зямель і многае іншае – зона іх адказнасці.
Зроблена за без малога 55-гадовую гісторыю існавання арганізацыі шмат. І ўсе дасягненні сталі магчымымі дзякуючы дружнаму, зладжанаму, праверанаму часам калектыву. Тут працуюць адданыя справе людзі. Ветэраны галіны задаюць тон і агульны зарад бадзёрасці, а моладзь з аптымізмам падтрымлівае традыцыі старэйшых пакаленняў.
Ёсць у Ляхавіцкім ПМС і свае дынастыі. Сайко – адна з іх. Заснавальнікам з’яўляецца бацька Георгій Маркавіч, які больш за тры дзесяцігоддзі правёў за штурвалам бульдозера. Старэйшы Сайко 13 гадоў назад прывёў у ПМС свайго сына Сяргея. Малады чалавек пачынаў рэчышчавым рабочым, але і тады марыў, як бацька, кіраваць магутнай тэхнікай. Колішняе кіраўніцтва арганізацыі паверыла ў юнака і даверыла Сяргею Сайко экскаватар.
– Канешне, пэўныя нюансы і асаблівасці работы з тэхнікай раскрываў бацька, а вось тонкасцямі экскаватарнай справы са мной дзяліліся вопытныя меліяратары Іван Краўчук і Анатолій Цімашкевіч. За што ім шчыра ўдзячны, – гаворыць Сяргей Сайко (на здымку).
Ён адзначае, што любіць сваю работу з яе напружаным рытмам і сваё далейшае жыццё звязвае толькі з малой радзімай. Тым больш, тут купіў дом, дзе яго заўжды чакае сям’я – жонка, сын і дачка.
Сапраўды, калі справа па душы, то і вынікі будуць унушальнымі.
У 2014 годзе Сяргей Сайко ўдастоены звання «Лепшы па прафесіі» ў раённым спаборніцтве, прымеркаваным да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Праз два гады партрэт перадавіка з ПМС занесены на раённую Галерэю славы.
Дарэчы, амаль кожны год сярод лепшых калектываў і работнікаў Ляхавіччыны ёсць і працаўнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.