Задачы на лета. На прамой тэлефоннай лініі «ЛВ» працавала начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама

Пытанні, што датычацца адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення, заўжды актуальныя. Гэта пацвярджае і прамая тэлефонная лінія «ЛВ», на якой напрыканцы мая працавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Арганізацыя летняга адпачынку школьнікаў, правядзенне экзаменаў і выпускных вечароў, работа школ падчас канікулаў, аптымізацыя навучальных устаноў, кадравы педагагічны складнік – тэмы, якія хвалююць землякоў.
– Святлана Канстанцінаўна, колькі змен сёлета будзе ў аздараўленчым лагеры «Чайка»? Як набыць туды пуцёўкі?
Таксама мяне хвалюе, як будуць выконвацца ў лагеры супрацьэпідэмічныя меры…
Анастасія, г. Ляхавічы.
– Канешне, пандэмія каранавіруса ўнесла карэктывы ў арганізацыю летняга адпачынку. Але, тым не менш, прыкладзены ўсе намаганні, каб нашым дзецям было камфортна і бяспечна падчас канікулаў.
Любімы юнымі ляхавічанамі аздараўленчы лагер «Чайка» і сёлета прыме адпачываючых. Першыя тры змены будуць звычайныя, чацвёртая – спартыўная. Дарэчы, на пуцёўкі сёлета быў істотны попыт, усе яны прададзены.
Каб мінімізаваць распаўсюджванне кавіда і знізіць рызыку заражэння, змена прыме 75 хлопчыкаў і дзяўчынак, пры тым што праектная магутнасць разлічана на 110 чалавек.
У кожным з пяці карпусоў размяшчаецца па 15 дзяцей. Пасля заезду да мінімуму будуць зведзены зносіны з бацькамі. Што тычыцца работнікаў лагера, то ім неабходна пацвярджэнне атрымання прышчэпкі ці адмоўны вынік ПЦР-тэста.
Усе кадры – педагагічныя, работнікі харчаблока, медыкі –скамплектаваны. Як і раней, прыцягваем да работы студэнтаў.
Калі вы не паспелі купіць пуцёўку ў «Чайку», не варта засмучацца. Па традыцыі будуць дзейнічаць і прышкольныя лагеры з дзённым знаходжаннем – ва ўсіх школах, а таксама на базе ЦКРНіР. У планах – аздаравіць 635 навучэнцаў у летніках з дзённым знаходжаннем. Кожны лагер прыдумвае цікавую праграму, каб рабятам было весела і запамінальна. Плюс да ўсяго запросяць юных эрудытаў і сёлета профільна-адукацыйныя лагеры «Эўрыка», «Сонейка».
– Дзякуй за тое, што сёлета ўсё ж пройдзе раённы баль выпускнікоў. Гэта такое свята для ўсіх – і дзяцей, і дарослых. Скажыце, калі ласка, ці будуць свае выпускныя ў школах?
Яўгенія, Ляхавіцкі раён.
– 10 чэрвеня на плошчы Леніна ў Ляхавічах пройдзе раённы баль выпускнікоў. Пачатак прызначаны на 18 гадзін. Будзе, як заўжды, урачыста, прыгожа. Кожная школа рыхтуе і сваю праграму для выпускнікоў.
Калі дазволіць надвор’е, то рэкамендуем праводзіць выпускныя на свежым паветры. Абавязковае патрабаванне: у школах вечары праводзяцца да 23 гадзін.
– Сын заканчвае дзявяты клас. Хацеў бы летам падзарабіць грошай. Чуў пра працоўныя атрады для падлеткаў.
Ці плануецца іх работа гэтым летам?
Аляксандр, Ляхавіцкі раён.
– Прыемна, што юныя землякі жадаюць уласнай працай зарабіць грошы. Гэта пацвярджае і штогадовая запатрабаванасць другаснай занятасці.
Лета-2021 прапануе ў Ляхавіцкім раёне чатыры лагеры працы і адпачынку: на базе гімназіі, СШ № 1, Навасёлкаўскай і Ліпскай СШ. Матэрыялы для работы і зарплата традыцыйна фінансуюцца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
– Кожны год праводзіцца касметычны рамонт у школах. А ці будзе сёлета дзе-небудзь капітальны рамонт?
Валянціна, г. Ляхавічы.
– Капітальных рамонтаў сёлета не прадбачыцца. Адзінае, што плануем, – устаноўку аўтаномнай пажарнай сігналізацыі ў Тухавіцкім дзіцячым садку. Рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю на капітальны рамонт харчаблока СШ № 1, але работы будуць праводзіцца ў наступным годзе.
Для касметычнага рамонту, як заўжды, фарбу закупляем за кошт бюджэту. Абавязкова правядзём праверку халадзільнага абсталявання, прамыўку водаправодаў і іншыя неадкладныя мерапрыемствы.
– Дачка з сям’ёй плануе пераехаць жыць у Ляхавічы. Мае 14- і 12-гадовы ўнукі, адпаведна, будуць вучыцца ў адной з гарадскіх школ. Скажыце, калі ласка, па якіх прадметных профілях і дзе праводзіцца навучанне?
Вера, г. Ляхавічы.
– У шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі – гімназіі, СШ № 1 і № 2, Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, Ліпскай СШ –
адкрыты профільныя класы. На павышаным узроўні ў школах вывучаюць па два прадметы, у гімназіі – тры прадметы. Дзейнічаюць групы аграрнай накіраванасці ў СШ № 1 і № 2. Ёсць таксама педагагічныя класы, спартыўна-педагагічная група, спецыялізаваны клас па спорце. Выбірайце, што даспадобы, і да чаго ёсць схільнасці ў вашых унукаў.
– На летнія канікулы прыязджаюць з Мінска ўнукі-школьнікі. Святлана Канстанцінаўна, раскажыце, калі ласка, ці магу я на гэты час запісаць іх у гурткі ў ЦДАДіМ? Такая паслуга платная?
– Так, вы маеце поўнае права запісаць унукаў у аб’яднанні па інтарэсах, якія па розных напрамках працуюць у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Такія заняткі для дзяцей бясплатныя. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць непасрэдна на старонцы ЦДАДіМ на сайце аддзела па адукацыі пад рубрыкай «Летнія канікулы».
– Чаму апошнім часам не такія ўнушальныя перамогі школьнікаў
нашага раёна на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах?
Анатолій Тураў, в. Ганчары.
– Адкажу так: год на год не прыпадае. Сапраўды, сёлета нашы разумнікі не адзначыліся перамогамі на рэспубліканскім узроўні, але былі вікторыі абласнога маштабу.
Перамогі на алімпіядах, безумоўна, ганарова і для рабят, і для іх настаўнікаў, працуюць і на прэстыж раёна. І нашы юныя землякі гучна заяўляюць пра сябе. Але ж не заўжды перамагаюць. Лічу, галоўнае – даць належныя веды па прадметах і выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны – патрыёта, якому неабыякавы лёс краіны, які ўмее суперажываць і дапамагаць, імкнецца да самаўдасканалення. Не важна, кім ён стане, – медыкам ці настаўнікам, будаўніком
ці праграмістам, артыстам ці поварам, важна, і гэта не пафас, стаць сапраўдным чалавекам.
Пытанне ад «ЛВ».
– Святлана Канстанцінаўна, колькі вучняў цяпер ў школах Ляхавіцкага
раёна і колькі дашкольнікаў?
Ці прадоўжыцца аптымізацыя ўстаноў адукацыі ў наступным навучальным годзе ў сувязі з тым, што колькасць насельніцтва раёна змяншаецца?
– На заканчэнне навучальнага года ў школах раёна займаліся 2624 вучні, плюс 826 хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць дзіцячыя садкі ў горадзе і сельскіх населеных пунктах.
Канешне, змяншэнне колькасці насельніцтва, у тым ліку непаўналетніх, адбіваецца і на напаўняльнасці ўстаноў адукацыі. Напрыклад, у 2020/2021 навучальным годзе карціна была наступная: у СШ № 2 – 648 вучняў, СШ № 1 – 577, гімназіі – 545.
З сельскіх школ самая вялікая па колькасці вучняў – Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча, дзе больш за сто вучняў, у астатніх – больш за 50. Выключэнне – Тальмінавіцкі ВПК, дзе 36 вучняў і шасцёра дашкалят. Таму прынята рашэнне аб аптымізацыі.
На наступны навучальны год на адукацыйнай карце Ляхавіччыны будзе адсутнічаць навучальная ўстанова ў Тальмінавічах. Школа-сад закрываецца, рабяты будуць вучыцца ў гарадскіх школах, а дашкольнікаў прыме Русінавіцкі дзіцячы сад. Падвоз будзе ажыццяўляцца па двух маршрутах. Канешне, прапануем працоўныя месцы і калектыву Тальмінавіцкага ВПК. Аддзел па адукацыі ўдзячны бацькам вучняў, педагогам за разуменне сітуацыі. Сапраўды, дзіцё лепш развіваецца, успрымае матэрыял, калі ў класе не два-тры чалавекі, а ў разы больш, калі ёсць з кім параўноўваць свае веды. Ды і для развіцця камунікатыўных зносін, адаптацыі ў соцыуме гэта надзвычай
важна.
Пытанне ад «ЛВ».
– Наколькі ўстановы адукацыі Ляхавіччыны забяспечаны кадрамі? Якое маладое папаўненне чакаецца?
– Яшчэ нядаўна ў нашым раёне быў адзін настаўнік-метадыст (гэта самая высокая кваліфікацыйная катэгорыя ў педагогаў) – выкладчык хіміі СШ № 1 Сяргей Абярган. Нядаўна паспяхова экзамены на атрыманне аналагічнага статусу вытрымала намеснік дырэктара СШ № 1 Ніна Юрчык, яе профіль – пачатковыя класы.
З 592 педагогаў раёна 245 маюць вышэйшую катэгорыю, 225 – першую, 52 – другую, 69 – без катэгорыі.
Катэгорыя – гэта не толькі пацвярджэнне педагагічнага майстэрства, але і істотная прыбаўка да заработнай платы. А для маладых настаўнікаў – стымул для ўдасканалення.
Калі гаварыць пра сёлетні прыход маладых спецыялістаў, то чакаем шэсць педагогаў. Аднак, вырашыць асноўную праблему – недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю – нам усё ж у 2021/2022 навучальным годзе не ўдасца. Таму ўдзячны педагогам, якія па ўзросце заслужылі адпачынак, але прадаўжаюць працаваць. Радуе і той факт, што некаторыя настаўнікі, якія раней змянілі сферу дзейнасці, вяртаюцца ў школы, дзіцячыя садкі – прафесіяналы нам патрэбны.
Наконт маладога папаўнення ў педагагічнай сям’і Ляхавіччыны скажу наступнае. Калі пасля заканчэння ВНУ ці ССНУ прыходзяць на першае месца працы жыхары Ляхавіччыны, то 60 працэнтаў з іх застаецца тут пасля адпрацоўкі. А вось спецыялісты з іншых рэгіёнаў замацоўваюцца радзей. Хаця апошнім часам значным аргументам на карысць застацца стала вырашэнне жыллёвага пытання, у прыватнасці, магчымасць атрымання арэнднага жылля. Маладыя спецыялісты атрымліваюць дастойную
зарплату, у тым ліку, дзякуючы разнастайным даплатам і надбаўкам.
На прамой лініі працавала
Галіна КАНЬКО.