«Чайка» дачакалася. Перад адкрыццём сезона аздараўленчы лагер Ляхавіцкага раёна прайшоў папярэднюю праверку на гатоўнасць да прыёму дзяцей
У склад рабочай групы па прыёмцы лагераў з кругласутачным знаходжаннем уваходзілі прадстаўнікі райвыканкама, аддзела па адукацыі, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, райбальніцы і санслужбы, энергагазінспекцыі, іншыя. Яны ўважліва азнаёміліся з санітарна-гігіенічнымі і супрацьпажарнымі ўмовамі, праверылі бяспечнасць асяроддзя для знаходжання дзяцей і дарослых, пазнаёміліся з выхаваўчым напаўненнем адпачынку.
У праграму падрыхтоўкі летніка ўключаны праверка аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, электрафізічныя вымярэнні электраўстановак. Адабраны пробы вады з адкрытага вадаёма і пітной водаправоднай, пяску з пясочніц і пляжа, праведзены прамыванне і дэзынфекцыя сістэмы водазабеспячэння, ачыстка каналізацыйных калодзежаў, зроблена рэвізія мэблі ў спальных пакоях, заменены зношаныя пасцельныя прыналежнасці (падушкі, коўдры, наматрацнікі) і г. д. Абсталявана ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і патрабаваннямі памяшканне для сушкі адзення і абутку дзяцей. Тэрыторыя лагера прыбрана і апрацавана ад кляшчоў, прадэзынфіцыраваны будынкі, расказала «ЛВ» метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Васілеўская.
Улічана і эпідсітуацыя. Дзеля выканання ўсіх патрабаванняў медыкаў набыты ў неабходнай колькасці дэзынфіцыруючыя сродкі, маскі, пальчаткі, аскарбінавая кіслата для правядзення вітамінізацыі.
«Чайка» атрымала санітарны пашпарт.
Першая змена прыняла першых 75 рабят на 18 дзён 7 чэрвеня. З 27 чэрвеня па 14 ліпеня пройдзе другая змена. Трэцяя стартуе 17 ліпеня і фінішуе 3 жніўня. 6 жніўня эстафету адпачынку падхопіць на базе «Чайкі» спартыўна-аздараўленчы лагер «Колас». Спартсмены будуць тут знаходзіцца па 20 жніўня.
Пры кошце пуцёўкі для дзяцей 6 – 10 гадоў 483 рублі, 11 – 13 гадоў 494 рублі, 14 – 17 гадоў 502 рублі бацькоўская даплата складзе незалежна ад узросту дзяцей 60 рублёў. Розніцу ў кошце пакрываюць дзяржаўныя датацыі і даплаты арганізацый.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.