Ваш выхад, выпускнікі! Шчаслівы білет у самастойнае жыццё атрымалі 163 выпускнікі школ Ляхавіччыны

БОЛЬШ ФОТА ТУТ 

Раённы баль выпускнікоў «Не паўтараецца такое ніколі» ў мінулы чацвер расквеціў яркімі фарбамі, напоўніў наваколле выдатным настроем, усмешкамі, прыгажосцю, запалам і юнацкай непасрэднасцю.
З раніцы ўпрыгожаны горад у чаканні выпускной феерыі. Рыхтуюцца да такога важнага этапу ў сваім жыцці яшчэ пакуль адзінаццацікласнікі: прычоскі, макіяж, модныя сукенкі і стыльныя касцюмы… Хвалююцца бацькі: як-ніяк адпраўляюць у самастойны шлях сваіх дзяцей. Засумавалі і настаўнікі: вельмі ж нялёгка развітвацца з рабятамі, якіх на працягу 11 гадоў вучылі разумнаму, добраму, вечнаму.
Вось такая яна – атмасфера радаснага, але ў той жа час  крыху сумнага свята –  развітання з дзяцінствам.

Над плошчай Леніна гучаць знаёмыя пазыўныя – і выпускны баль закружыў у віхуры эмоцый, віншаванняў, наказаў, пажаданняў, узнагарод…
Вось і зазіхацела на школьным небасхіле яшчэ адно сузор’е выпускнікоў. 11 гадоў яны ўспыхвалі іскрынкамі на ўроках, паказвалі майстар-клас на алімпіядах, «запальвалі» на школьных вечарынах, пакаралі спартыўныя вяршыні. Цяпер перад імі – самастойная дарога, на якой галоўнае – не згубіцца і знайсці сваё месца.
Шчыра і сардэчна вітала выпускнікоў, педагогаў, бацькоў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Юрлевіч. Пажаданні добрага шляху гучалі ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай.
Фанфары ў гонар тых, хто ўвесь час вучобы дэманстраваў выдатныя веды, паказваў супер-вынікі на прадметных алімпіядах. Дзевяць юнакоў і дзяўчат з гімназіі, СШ № 1 і № 2, Крывошынскай СШ пад апладысменты атрымалі медалі. Дарэчы, да ўзнагароды за веды «прыкладаюцца» аднаразовыя выплаты з раённага бюджэту.
Вось маленькія гарэзы ўручаюць самым таленавітым, актыўным, ініцыятыўным і спартыўным выпускнікам мяккія цацкі. Шчымліва было на душы, калі загучала чароўная мелодыя вальса і закружылі пары грацыёзных юных дам і галантных кавалераў.
Урачыстыя словы клятвы выпускнікоў  2021 года – і над горадам узвіліся ў неба рознакаляровыя шары, за кожным з іх – мара. Пад апладысменты прайшлі па плошчы Леніна такія юныя і прыгожыя героі свята.
Далей выпускны баль перамясціўся ў навучальныя ўстановы. А яго фінальна-пяшчотны акорд – традыцыйная сустрэча світання.
Дзяцінства, бывай… Няхай дарослае  жыццё нашых выпускнікоў будзе стваральным і паспяховым.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.