Сезон у разгары. У ААТ «Жарабковічы» быў праведзены маніторынг

Для аграрыяў лета – пара ва ўсіх сэнсах гарачая. Актыўна нарыхтоўваюцца кармы, усё бліжэй пачатак уборачнай кампаніі. Але важна не толькі сабраць ураджай, але і захаваць яго, не дапусціўшы пажару. Пад «прыцэл» Ляхавіцкага РАНС трапіла ААТ «Жарабковічы», дзе быў праведзены маніторынг у тым ліку стану супрацьпажарнай бяспекі. Таксама да маніторынгу далучыліся супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У надзвычайных сітуацыях на прыняцце рашэнняў часам ёсць долі секунды. І каб справіцца са стыхіяй уласнымі сіламі, трэба, каб усе сродкі пажарнай бяспекі былі спраўныя і знаходзіліся ў даступных месцах. На жаль, падчас маніторынгу на тэрыторыі прадпрыемства былі выяўлены ня-спраўныя вогнетушыцелі. Дзверы, размешчаныя на шляху эвакуацыі ў МТФ «Чашчы» і «Жарабковічы» не былі абсталяваны замкамі, якія б забяспечвалі магчымасць іх адчынення знутры без ключа.

Не сакрэт, што частай прычынай пажараў становіцца неакуратнае абыходжанне з ацяпляльным абсталяваннем. У бытавым памяш-канні слесараў на тэрыторыі МТФ «Жарабковічы» быў устаноўлены самаробны абагравальнік. Яго выкарыстанне таксама можа прывесці да надзвычайнага здарэння.

Таксама пытанні былі і да курэння на тэрыторыі прадпрыемства. Спецыялісты РАНС зафіксавалі сляды курэння па-за ўстаноўленымі месцамі. На аўтазаправачнай станцыі запраўка аўтамабіляў дапускалася з рабочым рухавіком.

Што тычыцца прыродаахоўнай службы, то яе спецыялісты звярнулі ўвагу, што не ўсюды падпісаны кантэйнеры для паасобнага збору адходаў, патрэбны асобныя бочкі, дзе будзе захоўвацца попел, і пляцоўкі для будаўнічага смецця.

Як паведамілі ў ААТ «Жарабковічы», усе агучаныя заўвагі былі выпраўлены ў кароткі тэрмін.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.