Пра самае важнае. Пра выключную, нярэдка жыццёвую важнасць аховы працы ішла размова «на палях» аднайменнага Ляхавіцкага раённага дня

Пляцоўкамі для адпрацоўкі вынесеных на разгляд пытанняў былі абраны два цеплаэнергетычныя аб’екты КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і  ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». І ніякай у тым выпадковасці. 2021-ы адмысловы яшчэ і тым, што ў адпаведнасці з дзеючай Дзяржпраграмай «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» лічыцца годам бяспекі ў галіне энергетыкі. А адным з двух раённых прадстаўнікоў гэтай галіны якраз і з’яўляецца тухавіцкі здабытчык і перапрацоўшчык торфу.

Квартал квартальнай кацельні будзе дапоўнены

Пасля кароткага слова на дарогу  спецыялісты па ахове працы аргані-
зацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны наведалі цэнтральную, вядомую яшчэ як квартальная, гарадскую кацельню. Дарэчы, за некалькі дзён да мерапрыемства раённы штат гэтых спецыялістаў канчаткова аформіўся. У «Жарабковічах» да выканання абавязкаў прыступіў другі па ліку,  як і нарматыўна патрабуецца, інжынер па АП. Цяпер іх 24, і – разлік завершаны.
Аб’ект грэе ўсю цэнтральную частку горада. Пабудаваная амаль чатыры дзясяткі гадоў назад кацельня па-ранейшаму застаецца самым магутным – 30 мегават – цеплагенератарам у раёне. Мае на ўзбраенні чатыры катлы, работа трох з якіх заснавана на выкарыстанні блакітнага паліва, а аднаго – на мясцовым.
Відавочна, што ўсталяваны паліўна-цеплавы баланс у хуткай перспектыве давядзецца перапісваць. Ёсць рашэнне аб будаўніцтве на тэрыторыі дзеючага аб’екта кацельні на мясцовых відах паліва. Пасля рэалізацыі праекта, а гэта магчыма ўжо ў наступным годзе, спажыванне блакітнага паліва радыкальна зменшыцца. Палівам для кацельні стане шчапа. Пры стапрацэнтнай загрузцы катлоў яе спажыванне складзе 588 насыпных кубічных метраў у гадзіну. Гэта ацяпляльны максімум, аднак падлічана, што для камфорту спажыўцоў у міжацяпляльны перыяд дастаткова будзе спальваць у 10 – 12 разоў менш аб’ёмаў паліва.
Новую кацельню запраектавана абсталяваць трыма катламі агульнай магутнасцю 10 мегават.
Яшчэ адным аб’ектам дня стала камунальная кацельня ў вёсцы Задвор’е. Узведзеная ў 2006-м з мінулага года кацельня працуе ў новым – аўтаматычным – рэжыме. Пра тое, што яшчэ нядаўна галоўным кіроўцам працэсу тут быў чалавек, сведчыць наяўнасць працоўнага месца аператара. Аднак без аператара, які ў цяперашняй сітуацыі не патрэбен, з кантрольна-рэгуліровачнымі функцыямі спраўляецца аўтаматыка. Па словах галоўнага інжынера камунгаса Андрэя Паўлоўскага, для гэтага ў камунікацыйную схему кацельні давялося ўвесці дадатковае абсталяванне ў выглядзе двух невялікіх, але «ра-
зумных», шафаў. Усе даныя з кацельні паступаюць на дыспетчарскі пункт у рэжыме рэальнага часу. Назапашваюцца, што дае магчымасць бачыць і аналізаваць дынаміку.

Здаровыя інвестыцыі торфабрыкетнага


У Тухавічы на ТБЗ «Ляхавіцкі» раённы Дзень аховы працы «ехаў» з канкрэтнай мэтай – паглядзець на ўмовы працы мясцовых работнікаў, пераканацца, якія клопаты прапанаваны ў якасці прафілактычных мер і санітарна-бытавога забеспячэння.
Паглядзелі, паслухалі і даведаліся, што адно толькі за мінулы год і выключна ў мерапрыемствы па ахове працы заводам было інвеставана 735 тысяч рублёў. Да ліку «здаровых» з поўнай на тое падставай можна аднесці і ўкладанні ў мадэрнізацыю вытворчасці. А ў выпадку з торфабрыкетным яна асабліва настойліва, на пастаянна-рэгулярнай аснове працягваецца ўжо 3-4 гады. Закранула розныя службы і многія падраздзяленні. Новае абсталяванне – гэта заўсёды больш высокая прадукцыйнасць, якасць выпускаемай прадукцыі,
надзейнасць, энергаэканамічнасць, іншыя магчымасці з пункту гледжання тэхнікі бяспекі і аховы працы. Акрамя таго, абнаўленне асноўных фондаў дапамагае прадпрыемству трымаць марку, быць сваім на рынку. У тым ліку і экспартным.
Тухавіцкі СДК сустракаў удзельнікаў раённага Дня аховы працы мэтавай выставай, што называецца, ад вытворцаў. ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», як ведаем, – гэта не толькі вытворца і перапрацоўшчык даўгунцу. У прыватнасці, на палях уласнага швейнага цэха займаецца вытворчасцю ў тым ліку і спецыяльнага рабочага
адзення. Як і КУП «Лячэбна-вытворчыя майстэрні «Крывошын». Пагля-
дзець узоры іх вырабаў, дамовіцца аб узаемавыгадным супрацоўніцтве – такім задачам адпавядаў тухавіцкі выезд швейнікаў ільнозавода і вытворчых майстэрняў «Крывошын».

Галоўнае для вытворчасці –  бяспечная  вытворчасць
Выступаючы з дакладам аб  рабоце па пытаннях аховы працы ў арганізацыях Ляхавіцкага раёна, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць адзначыў, што,  нягледзячы на ўкамплектаванасць раёна спецыялістамі па АП, кваліфікацыйныя патрабаванні некаторых з іх не супадаюць з нарматыўнымі. І няхай такіх толькі тры з 24, для работнікаў, адказных за бяспеку людзей на вытворчасці, «толькі» гучыць  як «аж».
З мэтай аказання рознага спектра дапамогі спецыялістам з месцаў на Ляхавіччыне працуе адпаведная мабільная група райвыканкама. Мяркуючы па прадстаўленай дакладчыкам лічбавай карціне, сваю справу група выконвае дастаткова актыўна: за пяць месяцаў года ў сваіх 48 рэйдах па арганізацыях і прадпрыемствах членамі групы было выяўлена 470 выпадкаў парушэння патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Выкарыстоўваюцца драбіны, не адпаведныя дзеючым нормам бяспекі, несвоечасова праводзіцца выпрабаванне электрамашын (шліфмашынкі, электрадрылі, перфаратары і іншыя), зварачныя трансфарматары, кампрэсары, кран-балкі, малаткі і кувалды абсталёўваюцца металічнымі ручкамі, не ва ўсіх нарматыўна патрэбных выпадках выкарыстоўваюцца супрацьадкатныя ўпоры і іншае. Зафіксаваны шэраг выпадкаў, калі вынікі праверак ведаў па пытаннях  АП заносяцца ў пратаколы не па форме.
Але самае істотнае, што ў 2020 годзе  ў арганізацыях раёна адзначана
12 выпадкаў траўмавання работнікаў – трохразовы рост у параўнанні з аналагічным папярэднім перыядам. Адзін з выпадкаў завяршыўся лятальным зыходам, тры мелі цяжкія,  а восем – лёгкія наступствы.
Пра парушэнні ў сістэме аховы працы і працоўнага заканадаўства, што найбольш часта выяўляюцца ў ходзе праверак у арганізацыях не толькі нашага раёна, расказала намеснік начальніка Баранавіцкага міжрайаддзела аблупраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Ала Данілава.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.