Лета працоўных адкрыццяў. У Ляхавіцкім раёне працуюць лагеры працы і адпачынку
Лагер працы і адпачынку – гэта магчымасць цікава правесці час
і зарабіць уласныя грошы
«Прыняты падсобным рабочым першага разраду па тэрміновым працоўным дагаворы» – гэта не запіс з працоўнай кніжкі работніка прадпрыемства ці арганізацыі раёна. Падобныя адзнакі зроблены ў працоўных кніжках хлопчыкаў і дзяўчынак, залічаных у аздараўленчыя лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем пры школах. Такія формы занятасці з 7 па 26 чэрвеня дзейнічаюць у СШ № 1, гімназіі, Навасёлкаўскай і Ліпскай СШ. Працуюць яны па праграме другаснай занятасці ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
– Яшчэ ў маі школы прадаставілі ва ўпраўленне каштарыс расходаў для арганізацыі другаснай занятасці навучэнцаў. Зарплата рабят залежыць ад відаў і аб’ёмаў выкананых работ. У цэлым, на атрад выходзіць больш за тысячу рублёў. Грошы на гэта выдаткаваны з пазабюджэтнага фонду сацабароны насельніцтва. Вельмі добра, што падлеткі яшчэ ў школе атрымліваюць працоўныя навыкі і вучацца не толькі зарабляць грошы, але і пасля распараджацца імі, – адзначае намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін Ірына Пабягайла.
Чым лагер працы і адпачынку адрозніваецца ад іншых?
Тут рабяты сумяшчаюць, што называецца, прыемнае з карысным. У першай палове дня працуюць, а пасля для іх арганізаваны фізкультурна-аздараўленчыя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
– Рабяты ў 8.20 збіраюцца на лінейку і пасля ідуць снедаць. Далей па распарадку з рэгламентаванымі перапынкамі – з 9 да 13 гадзін – работа. Пасля абеду – вольны час. Не менш увагі надаецца і адпачынку рабят. Для іх арганізаваны цікавыя конкурсы і віктарыны, сустрэчы, экскурсіі і г. д. Пасля падвячорка ў 16 гадзін рабяты адпраўляюцца дадому, – раскладвае па гадзінах рэжым дня выхаванцаў дырэктар лагера працы і адпачынку «Авантаж» СШ № 1 Вікторыя Біза.
Падрыхтоўку да змены ў школе пачалі загадзя.
Самая пільная ўвага – арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці. Каб стаць адным з працоўнай дзясяткі (менавіта столькі рабят залічана ў лагер), патрабуецца адпаведны ўзрост – 14 – 17 гадоў, хлопчыкам і дзяўчынкам неабходна было прайсці медкамісію і атрымаць урачэбны дазвол на вызначаны пералік работ.
У СШ № 1 вопыт сумяшчэння працы і адпачынку падлеткаў багаты – былі сярод тых, хто ў 2013 годзе пачынаў тады новы від занятасці. Зараз атрад мае назву «Мядзведзь».
Да 26 чэрвеня рабяты займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі школы: падмятаюць дарожкі, праполваюць клумбы, фарбуюць лаўкі і агароджу, выконваюць іншыя віды работ.
Днямі ездзілі на экскурсію ў начаўскі парк.
– Вельмі спадабалася паездка. Нам расказалі гісторыю парку і сядзібы, падзяліліся загадкамі і таямніцамі, на якія багаты гэтыя прыгожыя мясціны. Дзякуючы лагеру, і грошы заробім, і па раёне пападарожнічаем. А яшчэ нас смачна кормяць у сталовай. Сёння, напрыклад, раніцай давалі аладкі з павідлам. У абед – і першае, другое,
і кампот з разынкамі, плюс салат. На падвячорак чакаем сок, мармелад і бананы, – з задавальненнем расказвае пра будні «Авантажу» камандзір атрада Мікіта Вялеська.
У гімназіі змена лагера працы і адпачынку «Вектар» аб’яднала 11 чала-
век. Праграма занятасці таксама насычаная і цікавая. Акрамя добраўпарадкавання тэрыторыі гімназіі, рабяты адметна праводзяць вольны час. Кожны дзень тэматычны: «дзень роднага краю», «дзень этыкету», «дзень грамадзяніна», «дзень спорту» і г. д. Абавязковы элемент кожнага дня – фотасправаздача. Так за змену створаць сапраўдную фотагалерэю працы і адпачынку лета-2021.
У Навасёлкаўскай СШ у якасці падсобных рабочых аформлены 10 на-
вучэнцаў 8 – 10 класаў – гэта выхаванцы лагера працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем «Імпульс». Рабяты не цураюцца ніякай работы. Трэба – зграбаюць траву, садзяць расаду, праполваюць кветкі і г. д.
У зоне іх клопату – і помнік загінулым воінам. Напярэдадні даты 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны рабяты лічаць вельмі важным памятаць пра подзвіг герояў, пра цану міру і незалежнасці.
«Клас», «супер», «няхай змена не заканчваецца» – гэта водзывы рабят з лагера працы і адпачынку «Юнацтва» Ліпскай СШ. Тут рабяты, як і іх равеснікі з іншых школ, праводзяць канікулы захапляльна і займальна. Штодзень новыя ўражанні і працоўныя заданні, з якімі 10 адпачываючых з атрада «Кока-кола» спраўляюцца, па водгуках дырэктара лагера Святланы Суднік, на выдатна. У праграме змены прадугледжаны і цікавыя віктарыны-акцыі, і спартыўныя спаборніцтвы, іншыя сумесныя справы. Рабятам падабаецца складваць калажы, напрыклад, «рэальных лайфхакаў».
Дарэчы, пры кошце пуцёўкі ў лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем у 112 рублёў 14 капеек на 18 дзён бацькоўская даплата складае ўсяго 15 рублёў 14 капеек.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.