Святочнае асарці для медыкаў. Работнікі Ляхавіцкай ЦРБ адзначылі Дзень медыцынскага работніка
Прыгожыя і стыльныя, натхнёныя і з усмешкамі на тварах, шчырыя і адкрытыя спяшаліся медыкі ўсіх падраздзяленняў Ляхавіцкай ЦРБ на шыкоўную падзею, якая аб’ядноўвае і заўсёды праходзіць узнёсла і незабыўна. У мінулую пятніцу супрацоўнікі ўстаноў аховы здароўя раёна часова пакінулі свае кабінеты, аддзяленні, лабараторыі і накіраваліся ў ГДК, каб разам з калегамі ў сяброўскай атмасферы адзначыць Дзень медыцынскага работніка.
У кожнага з іх свой прафесійны шлях. Хтосьці не адно дзесяці-
годдзе аддаў высакароднай місіі – лячыць людзей, некаторыя толькі робяць першыя прафесійныя крокі. Але ёсць у іх агульнае – жаданне дапамагаць людзям справіцца з хваробай.
Сардэчныя словы віншаванняў цёпла і пранікнёна ад імя раённай улады гаварыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна ўручыў Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў з пажаданнямі здароўя, шчасця, прафесійных здабыткаў.
Дзякаваў калегам за разуменне, падтрымку, надзейнасць, адказнасць, уменне сабрацца ў такіх надзвычайных умовах, як барацьба з каранавірусам, галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч. І тут не абышлося без узнагарод – іх атрымалі лепшыя медработнікі раёна, якія працуюць у розных падраздзяленнях бальніцы.
Нашы медыкі не толькі профі ў белых халатах, а яшчэ і таленавітыя, актыўныя, спартыўныя… Гэта тэма – аснова выступлення старшыні прафсаюзнай арга-нізацыі райбальніцы Сяргея Памазанскага. І зноў гучалі прозвішчы лепшых, якія атрымалі прафсаюзныя граматы, падарункі.
Увогуле, цікавых і шчырых момантаў было шмат, як і прыемных сюрпрызаў. Вось юнак, якому ў паўгадовым узросце літаральна далі другое жыццё ляхавіцкія прафесіяналы ў белых халатах, уручае сённяшнім медыкам кветкі. А гэта ўжо прывітанне ад медыкаў-навічкоў. А колькі яскравых канцэртных нумароў падрыхтавалі самадзейныя артысты! Выстава кветкавых кампазіцый аўтарства медыкаў нікога не пакінула абыякавым. Колькі тут арыгінальнасці, творчага падыходу. Адны толькі назвы чаго вартыя: «Лабараторны феерверк», «Вакцына ад COVID-19», «Вясковая рапсодыя» і іншыя.
Дарэчы, па меркаванні журы, самымі крэатыўнымі аказаліся кветкавыя дызайнеры з неўралагічнага аддзялення, Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду, хірургічнага аддзялення ЦРБ.
Падведзены вынікі на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі медустаноў. У сваіх намінацыях першынствавалі паліклініка, Альхоўская БСД, Востраўскі ФАП. Другое месца – у інфекцыйнага аддзялення, Ліпскай АУАП, Малагарадзішчанскага ФАПа, трэцяе – клініка-дыягнастычнай лабараторыі, Начаўскай АУАП,Куршынавіцкага ФАПа.
Пераможцы і прызёры атрымалі падарункі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.