Кніга з дастаўкай. Двойчы на тыдзень бібліёбус выязджае ў 21 вёску Ляхавіцкага раёна

Дастаўка па адрасе. Многія з нас настолькі прывыклі да такой папулярнай і запатрабаванай паслугі. З задавальненнем заказваем праз інтэрнэт прадукты харчавання, адзенне, бытавую тэхніку, камп’ютары, мэблю, садова-агароднінны інвентар і шмат чаго іншага. Такое спажывецкае ноу-хау падхапілі многія службы, у тым ліку культработнікі. Штомесяц у розныя аддзелы райвыканкама «прыходзяць» кнігі, часопісы, газеты. Кніга на заказ – такая акцыя, ініцыяваная ляхавіцкай купалаўкай, стала традыцыйнай і падабаецца землякам.

– Нягледзячы на век камп’ютарызацыі, па-ранейшаму нямала людзей, якія ўсё ж аддаюць перавагу не электроннай, а звычайнай папяровай кнізе ці часопісу. На жаль, не ў кожнага атрымліваецца знайсці час, каб схадзіць у бібліятэку за чарговым томікам ці пасядзець у чытальнай зале і пацікавіцца навінкамі перыядычных выданняў. Таму мы і вырашылі: калі чытачы не ідуць у бібліятэку, то бібліятэка спяшаецца да іх, – расказвае дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч.
Дарэчы, такая форма абслугоўвання для ляхавіцкіх бібліятэкараў не навінка. Яна паспяхова рэалізоўвалася ў 80 – 90-я гады мінулага стагоддзя.
– Калі дакладней, то гэта пазастацыянарная форма абслугоўвання. І яна даволі запатрабавана. Чытачамі на выездзе з’яўляюцца работнікі розных падраздзяленняў і службаў райвыканкама, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзялення «Беларусбанка» і іншых устаноў. Найбольшым попытам карыстаюцца жаночыя раманы, гістарычныя творы. Хтосьці просіць тэматычную літаратуру – па эканоміцы, юрыдычнай ці тэхнічнай накіраванасці. Не менш падабаюцца і часопісы, асабліва «Дамашні», «Караван», «Загадкі гісторыі» і іншыя.
На кожнага чытача мы афармляем абанемент. Пры далейшым візіце абавязкова ўлічваем запыты. Канешне ж, стараемся парадаваць і навінкамі. Звычайна ў кожнай з арганізацый імкнёмся пабываць 2-3 разы ў месяц, – раскрывае спецыфіку работы загадчыца сектара абслугоўвання ЦБС Марына Нікіціна.
– Дзякуй бібліятэцы за такую магчымасць эканоміць час. Вельмі
зручная і своечасовая паслуга. Можна папярэдне па тэлефоне ці не-
пасрэдна на месцы заказаць патрэбны твор або выданне. Кніжны асартымент даволі шырокі, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Маслоўская.
– Не заўжды атрымліваецца пасля работы зазірнуць у бібліятэку і выбраць кнігу, хутчэй спяшаешся па хатніх справах. Таму з задавальненнем карыстаюся такой паслугай – заказваю дачцэ-
школьніцы праграмную літаратуру, для сябе бяру жаночыя раманы, –
далучаецца да водгукаў загадчык аддзела цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна Марына Савасцьянік.
Акрамя ўстаноў і арганізацый, клапоціцца такая перасоўная бібліятэка і пра кнігалюбаў, якія па стане здароўя не могуць наведваць купалаўку-стацыянар. Папярэдне па тэлефоне з імі звязваюцца супрацоўнікі бібліятэкі і, улічваючы пажаданні чытачоў, прывозяць ім літаратуру.
Яшчэ адзін кніжна-часопісны маршрут распрацаваны па насе-
леных пунктах раёна, і ажыццяўляе яго бібліёбус. Абанентамі бібліятэкі на колах з’яўляюцца больш за 350 жыхароў сельскіх населеных пунктаў нашага раёна. Культурная сустрэча прызначаецца ў вёсках раёна згодна з распрацаваным графікам.
– Бібліёбус па аўторках і чацвяргах аб’язджае згодна з графікам
21 населены пункт раёна, дзе няма бібліятэк. Спатканне з чытачамі прызначаем звычайна ў адным і тым жа месцы, напрыклад, каля магазіна. Да тых вяскоўцаў, якія па стане здароўя не могуць дайсці да месца збору, прыносім кнігі, часопісы дамоў. Перад кожным выездам многім тэлефаную, каб удакладніць, якую літаратуру прывезці. Напрыклад, летам заказаў больш на дзіцячыя кнігі, бо да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі і праўнукі, – гаворыць бібліятэкар бібліёбуса Анастасія Макарэвіч.
Адзін з самых актыўных чытачоў у Грушаўцы – 73-гадовая Соф’я Цэменя.
– Добра нам такая бібліятэка. Вельмі ўдзячны, што нам прывозяць кнігі, газеты, часопісы. Насця ветлівая, уважлівая, заўсёды параіць, што ўзяць пачытаць. Вельмі люблю кнігі, найбольш падабаюцца ваенныя, дэтэктывы, лірычныя творы, – расказвае Соф’я Іванаўна.
Ларыса Траяноўская – загадчыца Куршынавіцкага ФАПа, чытаннем захапляецца ўся яе сям’я, у тым ліку і 74-гадовая мама Зінаіда Васільеўна.
– Нядаўна даведалася, што чытанне падаўжае жыццё. Так што такое захапленне не толькі цікава, але і здорава. Я заказваю мастацкую літаратуру, а таксама спецыяльную, напрыклад, па псіхалогіі – гэта патрэбна па спецыфіцы маёй прафесіі. Дзякуй Анастасіі Макарэвіч, што задавальняе ўсе нашы заяўкі. Раней у Куршынавічах была свая бібліятэка, потым яе закрылі, таму бібліёбус – сапраўдная знаходка для тых, хто любіць чытаць. Дзякуй за такую прапанову, – падкрэслівае Ларыса Траяноўская.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.