Прагноз на заўтра. 30 чэрвеня ў беларускім прафесійным календары Дзень эканаміста
Пра галоўнага эканаміста ААТ «Нача» Марыну Манько калегі гавораць як пра спецыяліста вопытнага і высокакваліфікаванага. Дырэктар ААТ Мікалай Тарлюк адзначае, што меркаванню свайго супрацоўніка ён цалкам давярае: і адказная яна, кампетэнтная, і выдатна спраўляецца з прагназаваннем вынікаў працы калектыву, і прафесійны ўзровень пастаянна ўдасканальвае.
У працоўнай кніжцы Марыны Манько ў некалькіх запісах фігуруе толькі «Нача» – яе першае і адзінае месца працы з таго часу, як вярнулася на малую радзіму пасля заканчэння наргаса ў 1988 годзе. Пачынала бухгалтарам, а 1 жніўня ўжо будзе 18 гадоў, як займае пасаду галоўнага эканаміста гаспадаркі. Падвядзенне вынікаў работы, планаванне і аналіз гаспадарча-фінансавай дзейнасці, распрацоўка бізнес-плана сельгаспрадпрыемства на бягучы год і многае іншае –
кола спраў Марыны Браніславаўны.
Раніца галоўнага эканаміста пачынаецца з азнаямлення кіраўніка ААТ з працоўнымі зводкамі па гаспадарцы: колькі атрымана малака на карову, выручана грошай, нарыхтавана сена, расходавана паліва і г. д. Здаецца, звычайны момант у раскладзе дня, але ў ім – гаспадарчы падыход і ўзважлівы разлік, нацэлены на эканамічны плюс для ўсяго калектыву.
– У лютым звычайна складаем план-прагноз развіцця гаспадаркі, у распрацоўцы якога задзейнічана каманда спецыялістаў: плануем і вылічваем ураджайнасць-надоі-прывагі, выручку і прадукцыйнасць працы. Але бывае і так, што надвор’е ўносіць карэктывы, як сёлета. А гэта і ўзровень зарплаты, вырашэнне сацыяльных праб-лем, – дзеліцца галоўны эканаміст.
У цэнтры ўвагі – і паказчыкі, якія на кантролі штоквартальна: тэмп росту валавой прадукцыі, рэнтабельнасць продажу, зніжэнне ўзроўню затрат і іншыя. У «Начы» з гэтым парадак. Напрыклад, за май тэмп росту валавой прадукцыі склаў 106 пра-цэнтаў пры заданні 103.
Акрамя прывязанасці да лічбаў, у Марыны Манько маецца яшчэ вялікае захапленне – кветкі. Прызнаецца, што хобі здымае стомленасць і настройвае на бадзёры лад. Ва ўсіх пачынаннях і справах сваю другую пала-вінку падтрымлівае муж Генадзій, які ў гаспадарцы працуе аператарам па штучным асемяненні жывёлы. Нягледзячы на тое, што дзень эканаміста часта ненармаваны і залежыць ад графікаў, тэрмінаў і справаздач, прафесіяй маці натхнілася і малодшая дачка Юлія – працуе бухгалтарам. Старэйшая Вольга – рэнтгенолаг, зараз у водпуску па доглядзе за дзіцем.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.