У лета планаў шмат. Сярод безлічы варыянтаў для баўлення часу летам многія юныя ляхавічане выбіраюць магчымасць працаўладкавацца і падзарабіць

Лета – маленькае жыццё, і пражыць яго таксама трэба ярка, незабыўна, але разам з тым рэзультатыўна. У лета на кожнага свае планы, і ў многіх юнакоў і дзяўчат спякотныя месяцы вызначаюцца не толькі адпачынкам, але і, напрыклад, магчымасцю падзарабіць.

Як толькі адзін працоўны летні сезон заканчваецца, адразу пачынаецца падрыхтоўка да новага, фарміруецца база працоўных месцаў.
БРСМ праводзіць акцыю «Выбіраем студатрад», падчас якой фарміруецца будучая працоўная маладая сіла. Для райкама БРСМ гэты клопат прыемны – юныя ляхавічане ў студэнцкія атрады ідуць з задавальненнем, шчыра працуюць і атрымліваюць заслужаную матэрыяльную ўзнагароду. Па-першае, рабятам прадастаўляецца спіс арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія  гатовы на працягу года часова прыняць у свае рады юнакоў і дзяўчат, забяспечыць іх працай. Па-другое, анкетуюцца ўсе жадаючыя папрацаваць і падзарабіць: асабістыя даныя, прымальны час для работы, месца, дзе б хацелі правесці некалькі дзён за працай. Пасля таго, як атрады сфарміраваны, у вызначаны час пачынаецца ўсё самае цікавае.
Справа ў тым, што рабяты працаўладкоўваюцца, як гаворыцца, па-даросламу: атрымліваюць медыцынскую картку, афармляюцца працоўная кніжка, страхоўка, улічваюцца ўсе нюансы па ахове працы, навучальныя моманты.
«ЛВ» расказваў пра студэнцкі экалагічны атрад імя Здановіча, які працаваў на аб’ектах Ляхавіцкага лясгаса. Сёння гэтыя
рабяты з Малагарадзішчанскай школы могуць ганарыцца, паколькі менавіта яны шчыравалі на пасадцы новага лесу. На базе Крывошынскай СШ быў сфарміраваны атрад імя Южакова.
Востраўскія школьнікі з атрада імя Карвата працавалі на гэтым тыдні ў Востраўскім лясніцтве – займаліся праполкай дэндрапарку, клапаціліся пра пасадачны матэрыял.
– Кожны студэнцкі атрад асаблівы. Прыемна, што нашы рабяты з задавальненнем працавалі ў лясніцтвах, не цураюцца работы, а да экалагічнага багацця ставяцца з пашанай і жаданнем зберагчы наш непаўторны свет. Такім працаўнікам, няхай і часовым, мы толькі рады! – адзначае намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.
У красавіку працоўны дэсант навучэнцаў агракаледжа дапамагаў ДП «Нача». Напрамак сельскагаспадарчы, а вось назва патрыятычная – імя Арлоўскага. Экалагічны атрад імя Маргунова працаваў у ДРБУ-200.
На вуліцах горада часта можна было сустрэць на гэтым тыдні рабят у зялёных камунгасаўскіх камізэльках – гэта ўдзельнікі студатрада імя Машэрава – выхаванцы СШ № 2 і СШ № 1. Яны дапамагаюць зрабіць горад больш прыгожым, чыстым, утульным.
ААТ «Жарабковічы» ў ліпені працаўладкуе чатыры атрады юных і энергічных. Падлескія і жарабковіцкія школьнікі падрадзіліся дапамагчы на праполцы.
Навучэнцы каледжа падзаробяць у студэнцкіх атрадах, якія будуць дыслацыравацца ў «Начы» і «Жарабковічах».
– Яшчэ сярод арганізацый, якія ў 2021 годзе будуць прымаць моладзь у студэнцкія атрады, – КСУП «Ліпнянка», ААТ «Шлях новы», аддзел па адукацыі райвыканкама, ПМК-13 і іншыя. Падчас такіх працоўных будняў школьнікі і навучэнцы пераацэньваюць свае адносіны да работы, становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі. Вучацца новаму, цэняць момант, што побач працуе вопытны чалавек –
прафесіянал. Канешне, шчаслівыя, калі за адпрацаваны час атрымліваюць уласназаробленыя, часам першыя, грошы, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.