Сто ў адным, або Маладосць у шматпалярнай гармоніі
Маладосці можна ўсё. Гэта такі жыццёвы шанц знайсці сябе – калі, здаецца, можна рызыкаваць, бясконца памыляцца, наступаць на адны і тыя ж граблі, набірацца вопыту і не баяцца, бо заўсёды можна пачаць с чыстай старонкі. Заканчэнне школы, радасць ад новага статусу студэнта ці навучэнца, маладога спецыяліста, пасля, магчыма, спроба пачаць сваю справу або пад’ём па кар’ернай лесвіцы.
І вось вы ўжо маладая сям’я, спробы набыць уласнае жыллё, дзе будзе ўтульна і па-сямейнаму цёпла дзецям.
І на ўсё хапае сіл, хочацца як мага больш да ўсяго датыкнуцца, усюды паспець, падарожнічаць, выбіраць, не выпусціць ні адзінай магчымасці адчуць рамантыку гэтай пары.
Так важна для маладых людзей мець надзейнае вопытнае плячо побач. Калі ў сумбуры варыянтаў, прапаноў, разам з тым вялікіх амбіцый і нерэальных жаданняў знойдуцца тыя, хто скарэкціруе жыццёвы шлях. У дзяржаўным плане для моладзі сёння створана нямала.
Сонца ў адукацыйным плане ззяе для кожнага аднолькава –атрыманне бясплатнай адукацыі з шырокім спектрам спецыяльнасцяў. Дзейнічай, галоўнае – стымул і жаданне далей не спыняцца! Універсітэты, каледжы для юнакоў і дзяўчат клапоцяцца, каб не толькі адукацыйны працэс быў па магчымасці яркім, але і грамадскае жыццё ні ў якім разе не прымусіла расчаравацца. Творчыя саюзы на факультэтах, насценныя газеты, пярвічкі прафсаюзаў і БРСМ, прадстаўнікі Маладзёжнага парламента – і гэта далёка не ўвесь пералік магчымасцяў для развіцця творчых здольнасцяў. Колькі інавацыйных праектаў, інтэлектуальных клубаў, семінараў і канферэнцый адкрыта для тых, хто жадае ўдасканальвацца ў навуковым плане.
Можна быць упэўненым, што пасля атрымання адукацыі гарантаванае першае месца працы заўсёды будзе чакаць маладога спецыяліста. Няхай гэта не заўсёды праца мары, але варыянтаў, куды рухацца далей, безліч. Матэрыяльная падтрымка, настаўніцтва – і вельмі верагодна, што з маладога спецыяліста, які раней, магчыма, быў не ў захапленні ад прафесійнага выбару, атрымаецца сапраўдны профі.
Жыллёвае пытанне таксама ў полі зроку дзяржавы. Апошнім часам запатрабаваны арэндныя квадратныя метры. Усё больш моладзі мае магчымасць атрымаць уласнае жыллё, не чакаючы доўгі час у чарзе. І гэта, безумоўна, плюс для таго, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся ў райцэнтры.
Вось так рамантыка маладога ўзросту ператвараецца ў надзейны
падмурак для далейшага жыцця.
Сто ў адным – дзёрзкасць, лёгкасць, легкадумнасць, бесклапотнасць, а разам з тым сур’ёзныя намеры, энергія будаваць жыццё ў незалежнай прыгожай краіне, любіць і шанаваць тое, што ёсць. Маладосць, як ёй і належыць, у гармоніі з палярнасцю.
Са святам кожнага, хто малады – узростам і душой, сэрцам і памкненнямі!
Маргарыта КУХТА.