Вайна ў лёсе роднага краю

Вось ужо 77 гадоў Ляхавіцкі раён, як і ўся Беларусь, жыве пад мірным небам, будуецца, развіваецца, прыгажэе. Але ўсяго гэтага магло і не быць, калі б не бяспрыкладны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны далі адпор фашызму, праявілі мужнасць і гераізм, вытрымалі, выстаялі, вызвалілі ад ненавіснага ворага не толькі сваю Радзіму, але і выратавалі свет ад карычневай чумы.
Ведаць пра вайну, помніць пра вайну – гэта патрэбна не мёртвым, гэта патрэбна жывым. Помніць, каб жыць у міры.

Трывожны 1941-ы
Першы камень у падмурак Перамогі быў закладзены ў першыя дні Вялікай Айчыннай. Брэсцкая крэпасць, якую фашысты планавалі захапіць за восем гадзін, пратрымалася, не скараючыся ворагу, больш за месяц. Жорсткія баі ў чэрвені 1941 года ішлі і на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.
Сёння Завінская горка – гэта напамін пра падзеі, што яшчэ доўгі час не сціраліся ў памяці тутэйшых жыхароў, якія сталі сведкамі жорсткіх баёў.
24 чэрвеня ў гэтых месцах  55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з дзеючымі часцямі гітлераўскай арміі. На заўтра баі прадоўжыліся непадалёку, на беразе Шчары. На два дні былі затрыманы ўдарныя танкавыя часці групы армій «Цэнтр», асноўнай мэтай якіх была Масква.
Беражліва збіралі колішнія навучэнцы і выкладчыкі Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума экспанаты для свайго гісторыка-краязнаўчага музея. Цікавая падабралася экспазіцыя, прысвечаная баявому шляху   55-й стралковай дывізіі імя Варашылава. Вашай увазе толькі
некаторыя факты, пра якія згадваў у свой час «ЛВ».
Сілы ворага яўна пераўзыходзілі сілы Чырвонай Арміі.
Вось што расказваў пра адзін з тых баёў разведчык-карэкціроўшчык штабной батарэі 141-га ГАП Дзмітрый Дзергуноў: «Не паспелі мы акапацца, як пасыпаліся снарады немцаў, на дарозе паказаліся гітлераўскія танкі. На перадавой адкрылі агонь мінамёты, супрацьтанкавыя пушкі, палкавая артылерыя, пачалася ружэйна-кулямётная стральба, над намі праляталі 40-кілаграмовыя снарады і з вялізарнай сілай узрываліся на дарозе, дзе гарэлі некалькі нямецкіх танкаў, а з-за лесу з’явіліся нямецкія самалёты, якія ляцелі нізка над зямлёй і скідвалі бомбы на пазіцыі пяхоты і артылерыі. Шмат загінула людзей, шмат было знішчана тэхнікі і гармат. Але ніхто не пакідаў агнявыя пазіцыі, разлікі працягвалі весці агонь, а немцы ўводзілі ў бой усё новыя падраздзяленні танкаў і пяхоты…».
А гэта ўжо ўспаміны жыхара вёскі Завінне Дамініка Гурмана, запісаныя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя: «Ніколі не забуду той жудаснай карціны, якую бачыў тады за вёскай. Каля могілак біліся з немцамі нашы артылерысты са сваімі маленькімі, мабыць, супрацьтанкавымі, пушкамі. Думаю, што ўсе яны загінулі ў баі. Каля двух дзясяткаў танкаў з крыжамі яны спалілі. Гэтых нашых хлопцаў-герояў немцы доўга не дазвалялі хаваць…». У брацкай магіле ў Завінні пахавана больш за 200 байцоў.
На захопленай тэрыторыі фашысты і іх памагатыя-паліцаі пачалі ўсталёўваць «славуты» акупацыйны рэжым, які прынёс гора, пакуты мірным жыхарам, большасць з іх – дзеці, жанчыны, старыя.
Свой крывавы след акупанты пакінулі і ў вёсцы Туркі.
У чэрвені 1941 года былі арыштаваны 20 вяскоўцаў. Людзей забіралі з хат, у чым яны былі, катавалі, а потым знясіленых вывезлі за вёску і расстралялі. Сярод загінулых ад фашысцкіх куль – П. І. Дунчык, В. М. Чыхір, І. Ярашэвіч, І. І. Манарховіч, І. П. Тарлюк, І. Н. Сакун, іх прозвішчы выбіты на помніку каля Туркоў. Імёны астатніх, на жаль, і сёння невядомыя…
Вось піша (матэрыялы знаходзяцца ў музеі СШ № 2) настаўнік У. Мацкевіч: «Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю залужан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Першымі ахвярамі фашыстаў сталі камсамольцы Васіль Выдрыч і Раман Лапіч. Фашысты завезлі іх у Мілавіды і расстралялі. Гэта было ў ліпені…».
У сакавіку 1942 года 17-гадовую Марыю Дзенісеня з Заліпення разам з іншымі вясковымі юнакамі і дзяўчатамі адправілі на Нямеччыну, яна паўтарыла лёс мільёнаў вязняў фашысцкіх канцлагераў. Ёй пашчасціла выжыць. Але нясцерпны боль і праз гады не даў забыць пра тыя пакуты.
Нягледзячы на расправы, прыгнёт, рабаванне, людзі не скарыліся. Наадварот, аб’ядналіся, і пачалася народная партызанская вайна. Не давалі ворагу спакойна жыць на беларускай зямлі і падпольшчыкі, паўсюдна дзейнічалі камсамольскія і камуністычныя ячэйкі.

Партызанскі  1942-і
У 1942 годзе на тэрыторыі раёна дзейнічалі атрады  імя Шчорса, Чапаева, Лазо.
У кастрычніку 1942 года спецгрупа «Сокалы» пад камандаваннем Кірылы Арлоўскага дэсантавалася на парашутах у Машукоўскі лес, дзе пазней быў створаны буйны партызанскі атрад. 17 лютага 1943 года ён прыняў адзін з баёў, у якім Кірыла Арлоўскі атрымаў цяжкае раненне.
У вёсцы Залужжа яму зрабілі складаную аперацыю, і герой працягваў кіраваць атрадам, нават пазбавіўшыся рукі.
Злачынства супраць чалавецтва – так ахарактарызавалі потым фашысцкую расправу над мірнымі жыхарамі.
Генацыд супраць яўрэйскага народа – яшчэ адно злачынства без тэрміну даўнасці, учыненае гітлераўскай Германіяй. У ліпені 1941 года фашыс-ты перасялілі ўсіх яўрэяў з Ляхавічаў і вёсак у раён сінагогі (цяперашняя тэрыторыя кансервавага завода). Першыя масавыя расстрэлы адбыліся восенню 1941 года, а вясной 1942 года гета наогул было знішчана, людзей вывелі за горад і расстралялі. Па некаторых даных, у кар’еры свой апошні прытулак знайшлі больш за 4700 яўрэяў. Цяпер  на гэтым месцы брацкая магіла і помнік, устаноўлены ў 1993 го-
дзе. Гэта сюды, на вуліцу Заходнюю райцэнтра да манумента прыехала ў 2019 годзе з Паўднёвай Афрыкі Эмі Міка Нтулі, каб пакланіцца магіле, дзе разам з іншымі расстралянымі пахавана яе прабабуля.

Вогненны  1943-і
Чарговы прыпынак памяці датаваны 1943 годам. Рос, пашыраўся партызанскі рух. Атрады народных мсціўцаў аб’ядноўваліся ў брыгады. Сярод самых буйных, якія дыслацыраваліся ў тым ліку і ў ляхавіцкіх лясах –  19-я брыгада імя Молатава і 20-я імя Грызадубавай. Дарэчы, некаторыя з тых, хто партызаніў тут, звязалі потым сваё пасляваеннае жыццё з Ляхавіччынай: Уладзімір Пархомчык, Мікалай Стасевіч, Міхаіл Васілевіч, Міхаіл Размысловіч, Васілій Каравы, Алена Пацкевіч, Ісаак Бярковіч і іншыя. Менавіта ў 1943 годзе на сваёй малой радзіме – Браншчыне, якая была толькі вызвалена ад фашыстаў, быў прызваны ў дзеючую армію наш будучы зямляк, сёння ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка.
Важкую ролю ў барацьбу з ненавісным ворагам унесла і газетнае слова. 24 кастрычніка 1943 года ў Машукоўскім лесе выйшаў першы нумар газеты «Совецкі патрыёт» – сённяшні «Ляхавіцкі веснік». Кіраваў выданнем газеты  сакратар Ляхавіцкага падпольнага райкама партыі Сцяпан Дзесюкевіч. З самага пачатку ў рэдакцыі працаваў парты-
зан Вікенцій Бурло, які потым вёў перадачы раённага  радыё.
Спаленыя вёскі – напамін, наказ: такое не павінна паўтарыцца. Двойчы за 1943 год карнікі палілі Свяціцу, а 11 сакавіка яна згарэла дашчэнту. Некаторых свяцічан азвярэлыя фашысты схапілі і спалілі ў суседнім Залужжы. Тады ж варожыя самалёты спалілі Хацяж, засталіся толькі дзве хаты, што стаялі наводшыбе.
І ўсё ж пагарэльцы не пакінулі родныя мясціны, пачалі новабудоўлі на сваіх папялішчах. За гады вайны лёс Хатыні паўтарылі 13 населеных пунктаў Ляхавіччыны.
28 студзеня 1943 года ў вёсцы Федзюкі нарадзіўся будучы сусветна вядомы рэжысёр Міхаіл Пташук, які зняў шмат фільмаў пра вайну.

Вызваленчы  1944-ы
1944 год для Ляхавіччыны прайшоў пад знакам вызвалення. 23 чэрвеня пачалася адна з буйнейшых, стратэгічных наступальных аперацый Чырвонай Арміі пад кодавай назвай «Баграціён». На пачатку ліпеня 1944 года рэха вызвалення даняслося і да Ляхавіччыны. Яны вызвалялі наш горад – гэта пра радавых і камандзіраў, якія ў складзе сваіх вайсковых падраздзяленняў – 193-й стралковай Дняпроўскай ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава і Кутузава дывізіі,  52-й гвардзейскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі – ачышчалі ад гітлераўцаў Ляхавіцкі раён. Прозвішчы вызваліцеляў назаўжды ў памяці ўдзячных нашчадкаў.
І не гасне Вечны агонь, і ляжаць кветкі каля брацкіх магіл.
Адна за адной ачышчаліся ад фашыстаў вялікія і малыя вёскі раёна. 3 ліпеня ў Тальмінавічах віталі байцоў 19-й механізаванай брыгады пад камандаваннем генерал-маёра Яршова. Камбат Шата Гагарышвілі вызначыўся пры вызваленні вёскі: чырвонаармейцы яго батальёна разграмілі штаб праціўніка і захапілі ў палон 56 варожых салдатаў. У чэрвені 1944 года каля Вадзяціна быў збіты савецкі самалёт, лётчыкі загінулі. Тады было вядома імя толькі аднаго з членаў экіпажа – 22-гадовага Мікалая Цацына, яно і было выбіта на помніку загінуламу экіпажу. Праз паўстагоддзя адноўлена памяць пра іншых мужных лётчыкаў: Антона Белазёрава, Маісея Магутава, Цімафея Бычкова і Паўла Захарава. У 2002 годзе, напярэдадні Дня Вялікай Перамогі, адбылося адкрыццё новага помніка.
«Баі былі вельмі напружанымі, гітлераўцы не раз пераходзілі ў контратакі. Праяўляючы гераізм і стойкасць, савецкія воіны пераадолелі супраціўленне ворага і вызвалілі вёскі Малая Лотва, Вялікая Лотва, Конькі, Туркі, Сакуны, Федзюкі» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
6 ліпеня тэрыторыя Ляхавіцкага раёна была вызвалена  ад фашыстаў.

Пераможны 1945-ы
1945 год. Наперадзе такі доўгачаканы май, якому  наканавана расквеціцца промнямі Вялікай Перамогі. А Ляхавіччына тым часам паўстае з руін, аднаўляе разбуранае вайной жыццё. Але вайна яшчэ не закончана, таму юнакі прызываюцца ў дзеючую армію, каб біць ворага. У розных часцях і падраздзяленнях Чырвонай Арміі ваявалі каля чатырох тысяч нашых землякоў, больш за паўтары тысячы чалавек загінулі і прапалі без вестак, многія вярнуліся інвалідамі. Землякі вызначыліся ў баях і ўзнагароджаны ордэнамі, медалямі. Іх імёны і ў назвах мясцовых вуліц: Дзесюкевіча, Арлоўскага, Астапава, Южакова, Гагарышвілі… У іх гонар пасаджаны сады і скверы. Яблыневы сад каля СШ № 2 разам са школьнікамі і настаўнікамі закладвалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка і былы вязень фашысцкіх канцлагераў Зоя Осіпава. У вёсцы Ураджайнай у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі   на месцы былога будынка СДК каля абеліска землякам, якія не вярнуліся з франтоў вайны, члены БРСМ і вучні Навасёлкаўскай СШ, ветэраны вайны і працы, супрацоўнікі Навасёлкаўскага сельвыканкама высадзілі парк.
Памяць – гэта і каля паўсотні памятнікаў і абеліскаў у райцэнтры, аграгарадках і вёсках, на магілах салдатаў вайны і ахвяраў фашызму. Пра іх клапоцяцца дзеці, а цяпер ужо ўнукі і праўнукі пераможцаў.
У музеі СШ № 2 як важную рэліквію і самы дарагі экспанат беражліва захоўваюць чырвоныя мяшочкі, у кожным з якіх зямля з брацкіх магіл, што знаходзяцца на тэрыторыі  нашага раёна, сабраныя ў  2019 годзе падчас акцыі  «У славу агульнай Перамогі».
З году ў год ляхавічане  актыўна далучаюцца да ўсенароднай акцыі «Беларусь помніць».
Галіна КАНЬКО.

ФАКТ

З 26 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года – 36 месяцаў, 1109 дзён і начэй працягвалася акупацыя тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.