Адпачынак пачынаецца з усмешкі. У чэрвені аздараўленчы лагер «Усмешка» ЦКРНіР г.Ляхавічы прымаў у сябе дзевяць выхаванцаў

Правесці час з карысцю, весела і здорава? Лёгка! Ужо традыцыйна ў чэрвені аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем «Усмешка» прымаў у сябе дзевяць выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Каб выдатна адпачыць, у рабят было 18 дзён, кожны з якіх напоўнілі яркія эмоцыі і незвычайныя прыгоды.

Лагер працаваў у рамках праекта летняй аздараўленчай змены «Маленькія цуды вялікай прыроды». Адпачынак рабят быў падзелены на тры перыяды: «Багацце нашага краю», «Яе вялікасць Электрычнасць» і «Вада вакол нас».

– Кожны год і мы, і нашы падапечныя чакаем адкрыцця лагера. Бо ў гэты час няма калі сумаваць. Штодня мы для дзяцей арганізоўвалі цікавыя мерапрыемствы: конкурсна-гульнявую праграму «У сяброўстве і адзінстве наша сіла – гэта павінен кожны разумець», музычную гадзіну «Гукі роднай прыроды», квэст-гульню «Падарожжа ў краіну Беражлівасці» і іншыя. Яны спрыялі паспяховай сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей праз ўцягванне іх у розныя віды твор-чай і аздараўленчай дзейнасці, –
адзначае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Наталля Кудзялевіч.

За час, праведзены ў лагеры, рабяты змаглі пабываць у многіх месцах, у розных кутках Беларусі. Праўда, усе падарожжы праходзілі ў віртуальным фармаце. Музей «Героі краіны – героі сям’і», экскурсію «Слаўныя сыны Беларусі», відэагалерэю палацава-замкавага комплексу ў Нясвіжы – усё гэта летнікаўцы ўбачылі анлайн.

Таксама рабяты сумесна з педагогамі прынялі ўдзел у розных акцыях, сярод якіх рэспубліканскі тыдзень моладзі «Час выбраў нас», акцыі, прымеркаваныя да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, акцыі «Выбар лета. Здарова! Здорава! Карысна! Дружна!» і «Год народнага адзінства – год добрых спраў», у конкурсе відэаролікаў «Прававы лайфхак», «У мяне шчаслівае дзяцінства – гэта маё права».

Прымалі хлопчыкі і дзяўчынкі гасцей – да іх прыходзілі валанцёры з клуба БелАЮ «Заранка» з гульнёй-забавай «Мыльныя бурбалкі».
Закрыццё змены таксама вый-шла цікавым: рабяты ажыццявілі падарожжа па Горадзе лагернай змены.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва ЦКРНіР.