Беларусь у свой галоўны дзень. Ляхавіччына далучылася да святкавання Дня Незалежнасці
Калі адчуваецца адзінства, калі кожнае слова пра любімую Беларусь успрымаецца з асаблівым сэнсам, калі гонар за сваю Айчыну і пачуццё любві да яе саграваюць сэрца кожнага беларуса, тады мы разумеем, што самае каштоўнае, што ў нас сёння ёсць, – незалежнасць і мір.
Мітынг «Радзіма мая дарагая», прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адкрыў святочную праграму гэтага важнага і дарагога дня для кожнага. Плошча Перамогі – як сімвал заўсёднай народнай памяці пра тых, хто адстаяў Радзіму, хто не скарыўся і не здрадзіў Бацькаўшчыне, хто даў нам магчымасць сёння жыць шчасліва. У гэтым святым месцы гучалі самыя шчырыя словы падзякі за мірнае неба. Кветкі да помніка ад раённай улады, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, ад ляхавічан, што ўдзячны за сёння, за магчымасць выбіраць і ствараць. У мінуце маўчання – смутак усіх пакаленняў, нязгасны боль – у кожнага беларуса свая гісторыя той крывавай вайны.
Урок ваеннай гісторыі – і сёння самы страшны напамін пра тое, што больш ніколі не павінна паўтарыцца. Пра каштоўнасць мірнага жыцця ва ўсе часы, безумоўна, і ў сённяшні складаны для Беларусі перыяд гаварыў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса, які віншаваў землякоў са святам.
Ад імя маладога пакалення з Днём Незалежнасці віншавала першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава.
Сімвалічна, што плошча Перамогі дала старт патрыятычнаму аўтапрабегу. Капсула памяці, дзе сабраны крупінкі зямлі з кожнай брацкай магілы раёна, пад беларускім Дзяржаўным флагам адправілася на Курган Славы – месца, дзе ў першыя дні вайны вораг сустрэў жорсткае супраціўленне.
А пятай гадзіне ўрачыстасці перамясціліся на плошчу Леніна. Бясспрэчна, самы чаканы момант для тых, чые імёны занесены на Галерэю славы, хто за свае дасягненні заслужыў званне «Чалавек года».
Гонар за кожнага, хто падымаўся на сцэну за заслужанай узнагародай – вось яны нашы землякі, якія плённа працавалі, пакаралі прафесійныя вяршыні, шчыравалі ў імя квітнеючай краіны.
Віншаванні з самым галоўным святам краіны, удзячнасць ляхавічанам за тое, што будуюць-развіваюць горад і раён дзеля сябе і будучага пакалення, гучалі ад намесніка старшыні райвыканкама Святланы Юрлевіч:
– Галоўны здабытак беларусаў – гэта спакой і парадак, узаемная павага і гарманічнае развіццё. Гісторыя навучыла нас берагчы мір і незалежнасць, пакідаючы рознагалоссі і супярэчнасці ў мінулым. Мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі – у згуртаванасці народа і нацыянальным адзінстве.
Гэтыя рабяты ў стылі мілітары даўно заваявалі сэрцы ляхавічан. На іх паказальныя выступленні збіраюцца ад малога да вялікага. І ў Дзень Незалежнасці разведвальна-дэсантная група 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады – у цэнтры ўвагі і ў смартфонах гасцей свята.
Святочны канцэрт «Я сваёй краінай ганаруся!» расквецілі таленавітыя ляхавіцкія калектывы: ад інструментальнага выканання да эстраднага і арт- выступленняў. Якая ж таленавітая наша Беларусь – многагалосая, народная, інструментальная, танцавальна- забаўляльная.
Спартыўная хваля накрыла стадыён «Колас». Тут разгарнуўся раённы турнір «Спорт – Маладосць – Здароўе». А вось водная хваля чакала тых, хто ў скверы ля фантана вырашыў паглядзець на шоу, падрыхтаванае ляхавіцкімі выратавальнікамі.
Нясумна было і ў «Горадзе майстроў», вакол якога ўтульна размясціліся атракцыёны для самых маленькіх.
Гандлёвыя рады мясцовай спажыўкааперацыі радавалі гасцей свята смачнай прапановай.
І па традыцыі з пачуццём гонару за Радзіму ляхавічане далучыліся да агульнарэспубліканскай акцыі «Спяём гімн разам».
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.