Папаўненне ў аграрных радах. З 1 жніўня выпускнікі Ляхавіцкага аграрнага каледжа адправяцца на сваё першае месца працы
Мінулая серада для выпускнікоў Ляхавіцкага аграрнага каледжа выдалася хвалюючай. 20 будучым аграномам і 12 заатэхнікам уручылі доўгачаканыя дыпломы.
Трое навучэнцаў атрымалі дыпломы з адзнакай: Вадзім Кудзіновіч і Дзмітрый Ціханчук, якія вучыліся на агранамічным аддзяленні, і Юлія Яроміна – выпускніца заатэхнічнага аддзялення.
У адрас рабят са сцэны гучалі цёплыя словы падтрымкі ад выкладчыкаў і адміністрацыі навучальнай установы. Для ўсіх дзень урачыстага ўручэння дыпломаў стаў адначасова сумнай і радаснай падзеяй. Выкладчыкам сумна ад расставання з рабятамі, а ўчарашнім навучэнцам шкада пакідаць сцены роднай навучальнай установы. А радасна ад таго, што ўсе паспяхова здалі экзамены і атрымалі пуцёўку ў прафесію.
На памяць рабяты ўжо традыцыйна завязалі стужачкі на браму каледжа – у памяць пра гады навучання.
Дарэчы, час правядзення выпускных у каледжы з наступнага навучальнага года карэктуецца. Цяпер яны будуць праходзіць у лютым, сакавіку і красавіку.
Разам з выпускнікамі свой працоўны шлях сёлета заканчвае і дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Алена Абарава. Навучальнай установе Алена Эдуардаўна аддала амаль восем гадоў. За гэты час у каледжы адбылася маса пазітыўных змен.
Па-сучаснаму сталі выглядаць многія навучальныя аўдыторыі, 15 з іх былі абсталяваны новай мэбляй. Зроблены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй сталовай, цэнтра вольнага часу, спартыўнай і актавай залаў.
За апошнія гады станоўчыя змены адбыліся і ў ветэрынарнай клініцы: адрамантаваны будынак, даабсталяваны віварый, набыты УГД-сканер, макет-трэнажор каровы, радыёчастотны хірургічны скальпель, інкубатар, хірургічныя наборы. Дзякуючы гэтаму, у ветэрынарнай клініцы наладжана аказанне ветэрынарных паслуг насельніцтву.
Для дастаўкі навучэнцаў на вытворчыя аб’екты, выездаў на экскурсіі ў 2019 годзе набыты аўтобус «МАЗ». Абноўлена і бібліятэка.
Алена Абарава і рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васілій Качурка пажадалі выпускнікам, каб іх прафесійны шлях склаўся ўдала, а база ведаў, атрыманая ў каледжы, стала надзейнай апорай на гэтым шляху.
Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за асаблівыя поспехі ў навукова-даследчай, сацыяльна-культурнай, спартыўнай і грамадскай дзейнасці, за вялікі асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу раёна ўзнагароджана дырэктар АП «Ляхавіцкі аграрны каледж» УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» Алена АБАРАВА.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.