Тухавіцкія вартавыя здароўя. Здароўе землякоў – клопат і вясковых медыкаў
Тут можна атрымаць неабходны комплекс медыцынскіх паслуг, у тым ліку і стацыянарных: пры амбулаторыі дзейнічае дзённы стацыянар, разлічаны на чатыры ложкі. Яшчэ адна істотная зручнасць для вяскоўцаў – непасрэдна ў будынку знаходзіцца аптэчны кіёск, дзе можна купіць лякарствы і па льготных рэцэптах. А самае галоўнае, што клапоцяцца пра здароўе землякоў уважлівыя, добразычлівыя і адказныя работнікі амбулаторыі.
Тутэйшы калектыў, хоць і невялікі (усяго восем чалавек), але высока-
прафесійны: урач агульнай практыкі Таццяна Шаньгіна, памочнік урача Таццяна Русакевіч, медсястра Антаніна Матчэня, акушэрка Віялета Корань, лабарант Наталля Маслоўская, санітаркі Ірына Матчэня і Анжэла Кайро, вадзіцель Аляксандр Александроў. А яшчэ два разы на тыдзень тут працуе і стаматалагічны кабінет: спецыяліст прыязджае з Ляхавіцкай райбальніцы.
– Тухавіцкая амбулаторыя – адна з самых аддаленых медыцынскіх устаноў у нашым раёне.
Для вяскоўцаў, якім да гарадскіх медустаноў дабірацца доўга, тухавіцкія медыкі – хуткая, кампетэнтная і патрэбная дапамога. І, да гонару тутэйшых работнікаў, яны выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. На належным узроўні арганізавана прафілактычная работа. Традыцыйнымі сталі сустрэчы медыкаў у працоўных калектывах, навучальных установах. Тут займаюцца прышчэпачнай кампаніяй, цяпер вось – супраць каранавіруса, – расказвае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў.
Сапраўды, сфера дзейнасці вясковых медыкаў даволі шырокая. На прыём у амбулаторыю (у сярэднім за дзень тут абслугоўваюць больш за 20 чалавек) прыходзяць-прыязджаюць людзі і з хранічнымі, і з вострымі захворваннямі, прайсці дыспансерызацыю, атрымаць прызначаныя ўрачом працэдуры ці фізіяпрацэдуры, здаць аналізы.
Не толькі амбулаторным прыёмам абмяжоўваюцца медыцынскія будні. Спецыялісты ў белых халатах выязджаюць і на выклікі, не пакідаюць без увагі тых хворых, якія самі не могуць па стане здароўя прыйсці ў медустанову. Калі ж узнікае надзвычайная сітуацыя (у чалавека падазраецца інфаркт, востры каранарны сіндром, цяжкая траўма), то для такога пацыента неадкладна выклікаюць хуткую медыцынскую дапамогу з ЦРБ, каб тэрмінова даставіць хворага ў бальніцу.
Кожны тыдзень тухавіцкія медыкі выязджаюць, каб правесці прыём у аграгарадку Востраў на тутэйшым ФАПе, арганізаваны выезды ў іншыя населеныя пункты.
Вопытныя прафесіяналы сваёй справы – памочнік урача Таццяна Русакевіч і лабарант Наталля Маслоўская, кожная з іх мае істотны стаж работы ў галіне аховы здароўя – чвэрць стагоддзя.
Для Таццяны Русакевіч амбулаторыя – першае і адзінае месца працы, а Тухавічы – яе малая радзіма.
– Ніколі не пашкадавала пра колішні выбар, сапраўды, знайшла сваё прызванне ў медыцыне. І хоць работа з людзьмі складаная, але яе вельмі люблю. Заўжды з удзячнасцю і пашанай буду ўспамінаць свайго першага і галоўнага настаўніка, урача з вялікай літары Расціслава Іванавіча Магера. Ён заўжды браў мяне, нядаўнюю выпускніцу медвучылішча, на выклікі, давяраў складаныя працэдуры, каб я магла на практыцы адпрацоўваць веды. Напэўна, самым важным прафесійным экзаменам для мяне стаў выпадак, што адбыўся больш за дзесяцігоддзе назад. У той дзень быў выязны прыём ў Востраве, у амбулаторыі засталася адна. І раптам жудаснае здарэнне: машына пераехала падлетка, хлопец атрымаў страшныя траўмы. Усё, што неабходна, зрабіла, выклікала хуткую, медыкі з Ляхавічаў прыехалі аператыўна. Нягледзячы на цяжкі стан пацярпелага, усё ж вырвалі яго з абдымкаў смерці, – расказвае Таццяна Аляксандраўна.
Амаль дзесяць гадоў – прафесійны стаж акушэркі Віялеты Корань. Яна пачынала шлях у прафесіі памочнікам урача ў Начаўскай УА. Цяпер
у адказе за 767 зямлячак.
– У нас дружны і зладжаны калектыў. Напэўна, без падтрымкі, дапамогі было б куды цяжэй працаваць. Мы разумеем, якая адказнасць ляжыць на кожным, таму стараемся выконваць свае абавязкі не толькі прафесійна, але і з душой, бо стаім на варце самага галоўнага і дарагога, што ёсць у чалавека, – яго здароўя, – адзначае Віялета Корань.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.