Лета ў студатрадзе. У Ляхавіцкім раёне ў васьмі студатрадах працуюць 74 юныя землякі

Праявіць сябе, папрацаваць, зарабіць уласныя грошы – усё гэта і пра другасную занятасць падлеткаў і моладзі ў летні час,  пра лагеры працы і адпачынку, студатрады.
Ужо каторы год  ААТ «Жарабковічы» прымае ў сябе сваіх будучых калег, а пакуль яшчэ навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Вось і сёлета сельскагаспадарчы студэнцкі атрад у складзе сямі байцоў з 12 па 23 ліпеня аказвае дапамогу работнікам Канюхоўскай авечкафермы.

– Сапраўдная ўдача, магчымасць праверыць свае веды на практыцы, атрымаць майстар-клас ад спецыялістаў і, немалаважна, – папоўніць уласны бюджэт. Планую папрацаваць так, каб зарабіць добрую зарплату, – гаворыць навучэнец 41 групы заатэхнічнага аддзялення Дзмітрый Шанец.
– Мая задача – пасля стрыжкі сабраць воўну, адсартаваць яе, узважыць. Бяру кроў у жывёлы для далейшага даследавання. Акрамя таго, што атрымліваю навыкі, якія спатрэбяцца ў будучай працы, пераканалася, што прафесію сабе выбрала правільна, – гаворыць каляджанка Марына Камарчук.
Дарэчы, студатрадаўцаў сюды прывозяць на транспарце сельгаспрадпрыемства. Яны, як і іншыя працаўнікі гаспадаркі, лічы,
бясплатна харчуюцца.
– Малайцы рабяты, стараюцца, не саромеюцца звярнуцца за парадай, задаюць пытанні. Відаць, што работа ім падабаецца. Канешне, не ўсё і не адразу атрымліваецца, але, як гаворыцца, было б жаданне, –адзначае загадчык фермы Рыгор Зубік.
Студатрадаўскі рух-2021 на Ляхавіччыне не абмяжоўваецца гэтай сельскагаспадарчай камандай. Студэнцкія атрады працуюць і на іншых прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны.
– Усяго створана восем атрадаў агульнай колькасцю 74 чалавекі. Тры маюць аграрную накіраванасць, пяць – экалагічны профіль. Юнакі і дзяўчаты задзейнічаны на разнастайных работах у ААТ «Жарабковічы» і «Нача», ДРБУ-200, камунгасе і лясгасе, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыкан-
кама Ларыса Юшкевіч.
Працоўны семестр у студатрадаўцаў прадаўжаецца.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.