Гарачы лён. Церабленне льну на плантацыях ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» пачалося амаль без размінкі

Дождж, што нечакана для многіх і жадана для большасці землякоў здарыўся ў другой палове мінулага аўторка, зрабіў сваю справу – хоць на кароткую хвіліну, але ж утаймаваў гарачыню. А яшчэ – ільноўборшчыкам загадаў на выхад з палеткаў. Абсалютна разумеючы каштоўнасць кожнага вытворчага імгнення, сам гэты факт можна ўспрымаць таксама і ў якасці бонуса – шчырай і законнай нагоды спыніцца на незапланаваную паўзу, даць магчымасць астыць і сабе, і машынам.

Церабленне льну на плантацыях ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» пачалося 7 ліпеня і амаль без размінкі. Церабілкі працавалі, не зважаючы ні на гадзіны, ні на градусы ў сістэме шкалы Цэльсія. Машыністы, вядома, не «кайфавалі» – некалькі часцей звычайнага аб’яўляліся «санітарныя» паўзы, пітной вады было многа, і выступала яна ў якасці бальзаму ад спёкі.
За стартавы ўборачны тыдзень зроблена зусім нямала.
– Штодзённа ўсе шэсць нашых церабілак агулам цярэбяць каля васьмі дзясяткаў гектараў ільнаплошчаў. За сем першых дзён «жніва» палажылі каля чвэрці пасяўнога палетка. Працаваць у суправаджэнні такой, як сёлета, гарачыні ўдвая няпроста. Адпачываць даводзіцца часцей, вада заўсёды свежая, камфортнай для ўжывання тэмпературы, – падзяліўся сваім бачаннем ходу палявых работ вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
А для першавыцерабленых ільнастужак падышоў час ачэсвання.
– Пры больш-менш спрыяльным надвор’і дзесьці праз тыдзень пасля цераблення лён падлягае ачэсванню галовак. Гэтыя дні адпускаюцца на даспяванне, дасягненне параўнальна раўнамернай іх спеласці. І, як адзін з вынікаў, лепшую якасць, чысціню работ. Для іх правядзення выкарыстоўваем машыны-ачэсвальнікі. Іх на прадпрыемстве тры адзінкі. Тэхніка поўнасцю падрыхтавана, укамплектавана механіза-
тарамі і ўжо некалькі дзён знаходзіцца на палетках, – адзначае спецыяліст.
Выклікаюць цікавасць прагнозы на ўраджай даўгунца.
– Ужо можна прагназаваць, што ў бягучым годзе не атрымаецца выйсці на  ўзровень ураджаю мінулага года. І віной таму паслужыла надвор’е. Дакладней, безвільготная на працягу ці не двух тыдняў чэрвеньская 30-градусная гарачыня, якая супала з перыядам інтэсіўнага росту, набору культурай ільнамасы, – тлумачыць вядучы аграном ААТ.
Ляхавіцкі льнозавод практыкуецца ў вырошчванні некалькіх сартоў ільну-даўгунцу. Арыенцір – на распрацоўкі айчыннай селекцыі, што паказалі сваю палеткавую стабільнасць. Пры гэтым пастаянна ў пошуку, тутэйшыя льнаводы перыядычна звяртаюцца да нечага новага, глядзяць, як той ці іншы сорт праявіць сябе на мясцовых палях, наколькі ўраджайным акажацца. Мінулай вясной на заводскія палеткі прыйшоў французскі «эдэн». «На племя» яго было пасеяна больш за паўтары сотні эксперыментальных гектараў.
– «Эдэн» паказаў сябе зусім нядрэнна. Сабяром насенне і, мяркую, у наступным годзе пад яго будуць адведзены ўжо іншыя пасяўныя плош-
чы, – гаворыць Мікалай Герасімовіч.
Па тэрмінах выспявання палі  ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» падраздзяляюцца на ранне-, сярэдне- і познеспелыя. Для першых уборка ўжо наступіла і актыўна працягваецца.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.