Дзе схаваўся клешч. У Ляхавіцкім раёне з пачатку года ад укусаў кляшчоў пацярпелі 46 чалавек
У Ляхавіцкім раёне з пачатку года ад укусаў кляшчоў пацярпелі 46 чалавек, у тым ліку 16 дзяцей.
Крывасмокі з’яўляюцца пераносчыкамі інфекцый – хваробы Лайма і клешчавага энцэфаліту. З заражанымі насякомымі можна сустрэцца ў лесе, на дачных участках, у турпаходах і г. д.
Ляхавіцкі раён лічыцца свабоднай тэрыторыяй ад клешчавага энцэфаліту. На тэрыторыі раёна не зафіксаваны прыродныя ачагі са знаходжаннем заражаных насякомых.
У лагеры «Чайка», на Кургане Славы перад раённымі мерапрыемствамі праводзіцца дэзынсекцыя тэрыторыі. Энтамалагічныя абследаванні абавязковыя на афіцыйных зонах адпачынку – у Дараве і на Ведзьме. Калі маюцца падставы – тэрыторыя апрацоўваецца.
Варта ведаць, што клешчавы энцэфаліт – вострае віруснае захворванне. Пасля ўкусу кляшча захворванне можа развіцца ў сярэднім за 7–14 дзён. Пачынаюцца дрыжыкі, тэмпература, галаўны боль, агульнае недамаганне, млоснасць і ваніты. Чалавек не заўважыў укусу і думае, што прастыў. Аднак праз 8–9 дзён стан здароўя пагаршаецца.
Схаваны перыяд хваробы лайм-барэліёзу можа доўжыцца да месяца, а часам і да паўгода. У хворага назіраюцца сухі кашаль, насмарк, пяршэнне ў горле і г. д. Калі не лячыцца, могуць развіцца цяжкія паражэнні органаў і сістэм.
Дарэчы, «сустрэць» кляшча можна не толькі ў лесе, але і дома – прынесці на адзенні, з букетамі і травой, на дамашняй жывёле.
Пры знаходжанні кляшча, які прысмактаўся, трэба звярнуцца ў медустанову ці выдаліць яго самастойна з выкарыстаннем спецыяльных устройстваў або ніцяной пятлі. Месца ўкусу неабходна апрацаваць ёдам ці любым спіртавым растворам. І, канешне, абавязкова пабываць ва ўрача. Можна даследаваць крывасмока на наяўнасць узбуджальніка лайм-барэліёзу ў ЦГіЭ г. Баранавічы (вул. 50 гадоў УЛКСМ, 9, кабінет № 14), а на наяўнасць віруса клешчавага энцэфаліту – у вірусалагічнай лабараторыі абласнога ЦГЭіГЗ (г. Брэст, пл. Свабоды, 11а, кабінет № 3). Даследаванні платныя.
Пры паходзе ў лес абавязковы галаўны ўбор і вопратка, якая шчыльна прылягае да цела, з зашпіленымі манжэтамі на рукавах. Штаны павінны быць запраўлены ў боты або перацягнуты ля шчыкалатак тасёмкай ці рызінкай. Праз кожныя дзве гадзіны аглядайце адзенне і адкрытыя ўчасткі цела. На дачных участках рэгулярна скошвайце траву і выдаляйце сухастой.
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.