Зубр. Прыемна пазнаёміцца
Нядаўна Ляхавічы ўпрыгожыла чарговая абноўка. У райцэнтры каля запраўкі на вуліцы Арлоўскага ўстаноўлена скульптура зубра. Канешне, не такіх унушальных памераў, як каля Баранавічаў, але ўсё ж у нас з’явіўся ўласны кароль пушчы. Такая навінка не магла не застацца незаўважанай. Пытанні пасыпаліся адно за адным. Хто аўтар кампазіцыі? Адкуль узялася? Колькі каштуе? З чаго зроблена? І ці будуць яшчэ такога кшталту аб’екты? “ЛВ” вырашыў высветліць сітуацыю.
Як патлумачылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу “Савейкі”, які ў 2013 годзе з аўкцыёну набыло СЗАТ “ЛадаГарант”, сярод іншага знаходзілася і пяць такога кшталту скульптур, у тым ліку зубр. Праўда, на баланс фірмы яны пастаўлены не былі –так і засталіся ва ўласнасці УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ”.
У “Савейках” планавалася адкрыць гасцінічна-аздараўленчы комплекс. Аднак справы далей, чым выдаленне старых дрэў,так і не пайшлі. Дарэчы, неаднойчы “ЛадзеГарант” накіроўваліся прадпісанні аб неабходнасці навесці парадак у Савейкаўскім парку. У 2020 годзе ў “Савеек” з’явіўся новы гаспадар – ТАА “САВАІНВЕСТБУД”.
–Кіраўнік ТАА “САВАІНВЕСТБУД” сумесна з Ляхавіцкім райвыканкамам прынялі рашэнне перадаць гораду скульптуры, у тым ліку зубра. Інсталяцыя прайшла рэстаўрацыю, дзякуючы якой істотна палепшыўся яе выгляд. Аўтарамі абноўленага зубра сталі камунальнікі. Дарэчы, усе пяць малых архітэктурных формаў знаходзіліся на мяжы разбурэння. І хаця яны не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, для нашых землякоў уяўляюць у тым ліку гістарычны інтарэс. Сёння ў скульптур з’явіўся выдатны шанц падоўжыць сваё існаванне і парадаваць ляхавічан і гасцей горада, – расказала метадыст ДУК “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” Таццяна Седас.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».