Пахмурны тон гарадскіх пейзажаў. «ЛВ» удзельнічаў у чарговым рэйдзе па добраўпарадкаванні Ляхавічаў

Тэма навядзення парадку актуальная заўсёды. У мінулую сераду стан некаторых вуліц райцэнтра «праманіторылі» начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская і карэспандэнты «ЛВ». У поле зроку трапілі аб’екты, якія не з’яўляюцца навінкамі, хаця некаторыя выяўлены, лічы, каля новабудоўляў.

У лістападзе мінулага года жыльцы дома № 21а па вуліцы Чкалава толькі справілі наваселле. А пытанні наконт навядзення парадку на прыдамавой тэрыторыі ўзнікаюць адно за адным. Чарговы трывожны званок.

З аднаго і другога боку прыдамавой тэрыторыі ўладкаваны водаадводы. Так, вакол іх ёсць агароджа, але яна такая, што дзіця туды пралезе без праблем. І тады да бяды толькі адзін крок.На дне водаадводаў – каменне, пустыя бутэлькі, смецце. Адзін і ўвогуле запоўнены вадой.

Вуліца Чкалава, каля д. 21.

– Такая сітуацыя адназначна небяспечная і нясе пагрозу для жыцця і здароўя людзей. Трэба думаць пра меры бяспекі, – зазначае Марына Завадская.

Па-добраму можна пазайздросціць жыльцам гэтага дома – тут выдатная сучасная дзіцячая гульнёвая пляцоўка з разнастайным абсталяваннем. Ёсць і яшчэ адна асаблівасць у шматкватэрніка. Знайшліся гаспадары-агароднікі, якія на зялёнай тэрыторыі, дзе, акрамя кустоўя і траўкі, нічога не павінна расці, пасадзілі агуркі, памідоры, салат, базілік… Такія пасадкі – самавольныя, а значыць, незаконныя, адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ.

Самавольны агарод па вуліцы Чкалава, 21а.

Недалёка ад прыпынку гарадскога аўтобуса ўтварылася вялікая выбоіна на асфальтаванай дарожцы: ці то вада вымыла, ці то няўдала праехала тэхніка будаўнікоў ці камунальнікаў, якія займаюцца капітальным рамонтам дома № 21 па вуліцы Чкалава. Чакаем надзвычайнага здарэння ці ліквідуем праблему?

– Гэта пытанне павінна вырашаць КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», на чыім балансе знаходзяцца гарадскія вуліцы з дарогамі, тратуарамі, аўтобуснымі прыпынкамі і г. д. Тое ж тычыцца і каналізацыйных калодзежаў. Так і не закрыты адтуліны ў люку каля дома № 12 па вуліцы Чкалава. Люк каля дома № 16 па вуліцы Савецкай нібыта і адрамантаваны, але дзіркі ўсё ж ёсць, – адзначае Марына Завадская.

Пакасіць траву – пакасілі, а вось вывезці рэшткі разабранай гарадской лазні па вуліцы Чкалава работнікі камунгаса так і не здолелі. Як і не сабраліся замяніць пабітае шкло ў нядаўна капітальна адрамантаваным доме № 12 па гэтай жа вуліцы. Дарэчы, падчас нядаўняга маніторынгу ў двары гэтага ж дома з дрэннага боку ўразіла кантэйнерная пляцоўка для паасобнага збору другаснай сыравіны – уся завалена смеццем. Не вывозіцца? Ці жыхары дома не надта акуратныя гаспадары?

– Пасылаем рэкамендацыі аб неабходнасці навесці парадак. Здавалася б, рэагуюць адэкватна – прыбіраюць, добраўпарадкуюць. Але праходзіць час, і сітуацыя зноў паўтараецца: у двары звалка тэхнікі, вакол горы ўсяго. Сёння яшчэ цярпіма, – так характарызуе Марына Завадская сітуацыю каля дома № 94а па вуліцы Савецкай. Што ўбачылі калектыўным вокам? Тэхнікі каля дома нямала – старая і не надта, а вось за домам – разваленыя дровы. Трэба зноў гаспадарам брацца за работу.

Прадоўжым тэму дроў. Каля дома № 43 па вуліцы Савецкай уся тэрыторыя завалена бярвеннем, што ляжыць і на праезнай частцы. Як падкрэсліла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, на землях горада дровы, будаўнічыя матэрыялы могуць быць складаваныя такім чынам на працягу не больш за 72 гадзіны. Калі ва ўказаныя тэрміны гаспадары іх не прыбіраюць у свой двор, то могуць атрымаць штраф.

Дом № 31 па вуліцы Савецкай на асаблівым кантролі не толькі па санітарных нормах і правілах, але і як пажаранебяспечны. Што ж убачылі? Зноў усё зарасло бур’яном і вакол бардак.

Вуліца Савецкая, 31.

У спісе не зусім дбайных гаспадароў і яшчэ адзін ляхавічанін. Ён мае два ўчасткі па вуліцы Першамайскай: адзін для індывідуальнага будаўніцтва, другі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Дык вось, ні на адным з іх ён не спяшаецца наводзіць парадак, а трава вырастае ў рост чалавека. Праўда, на дзень выязнога рэйду больш-менш пустазелле было скошана. Але гэты адрас па-ранейшаму на кантролі.

Такога кшталту маніторынг прадоўжыцца і па іншых аб’ектах і вуліцах горада. А потым чарга дойдзе і да сельскіх населеных пунктаў. І, каб не трапіць у разрад нядбайных гаспадароў і не чырванець перад суседзямі і самім сабой, давайце актывізуемся і навядзём парадак. А потым будзем падтрымліваць чысціню і ўтульнасць у нашым агульным доме.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.