«Каля новабудоўлі і не толькі»
Публікацыя з такой назвай, падрыхтаваная па выніках рэйду карэспандэнтаў раённай газеты з санслужбай, была размешчана ў «ЛВ» № 37 ад 22 мая. У ёй, у тым ліку, ішла размова пра стан будаўнічых пляцовак у райцэнтры і вытворчых тэрыторый некаторых прадпрыемстваў.
На крытычныя заўвагі адрэагавала кіраўніцтва ПМК-13. Яго начальнік Данііл Скрыцкі паведаміў: «На будаўнічым аб’екце «60-кватэрны жылы дом па вул. Чкалава ў г. Ляхавічы» арганізаваны і своечасова праводзяцца ўборка будаўнічай пляцоўкі і вываз будаўнічага смецця. Забяспечана правядзенне вільготнай уборкі санітарна-бытавых памяшканняў і праветрыванне іх пасля кожнай змены рабочых. На аб’екце створаны неабходныя ўмовы для захавання асабістай гігіены і пітнога рэжыму работнікамі прадпрыемства. Захоўванне будаўнічых матэрыялаў на пляцоўцы ўпарадкавана».
А вось дырэктар ПВГУП «Цвірко і К» Іван Маляр з крытыкай не згадзіўся, маўляў, тэрыторыя прадпрыемства абгароджана, абкошана, убрана смецце, а «ўчастак агароджы на вашым здымку не адносіцца да збудавання ПВГУП «Цвірко і К». Але справа ў тым, што на здымку якраз і паказана адсутнасць агароджы, якая павінна была б хоць крыху прыкрываць тое, што трапіла ў кадр.