У першай тысячы – жарабковіцкі адрас. У Ляхавіцкім раёне ўшаноўвалі першых тысячнікаў на жніве
Прывабліваюць, запрашаюць налітым коласам шчодрыя палі ААТ «Жарабковічы». Высокая ўраджайнасць – лічы, візітоўка сельгаспрадпрыемства. Нездарма з году ў год статус трыумфатараў жніва атрымліваюць тутэйшыя рупліўцы хлебнай нівы, а жарабковіцкія адрасы сталі пастаяннымі на раённай жніўнай Дошцы гонару.
Сёлета першая намалочаная тысяча тон збожжа ў раёне – жарабковіцкая. Яе аўтары – старшы камбайнер Андрэй Дзянішчык і камбайнер Павел Булаты (на здымку). Экіпаж зладжаны, спрацаваны і ў жніўных колах вядомы. У мінулы чацвер вечарам перадавікі зноў прымалі віншаванні і падарункі ад раённай улады, прафсаюзаў і кіраўніцтва гаспадаркі.
А напярэдадні ў «Жарабковічах» ушаноўвалі першага вадзіцеля-тысячніка на адвозцы збожжа. Юрый Прышчэпа зноў сярод лідараў уборачнай. Віншавалі перадавіка прама на палявым стане.
Першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык уручыў герою дня падарунак ад раённай улады і пажадаў далейшых поспехаў і новых рэкордаў. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура дапоўніла віншаванне пісьмом падзякі ад райкама прафсаюза. Канешне ж, былі віншаванні ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.
І ўсё гэта аздобілі шчырае захапленне, словы падзякі за ўдарную працу, пажаданні вартага працягу ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамары Пракап’юк і галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларысы Юшкевіч.
– Канешне, прыемна і пачэсна, што сярод лепшых з лепшых гучаць прозвішчы аграрыяў з нашай гаспадаркі. Працоўны тон, які задалі нашы тысячнікі, – імпульс для ўдарнай працы ўсім удзельнікам
жніва. Мы вельмі ашчадна рыхтаваліся да жніва і спадзяёмся, што атрымаем ад нівы шчодрую аддачу. Плануем сёлета добрую ўраджайнасць, нягледзячы на тое, што надвор’е зноў паказала свае капрызы.
Напрыклад, яравы ячмень дае больш чым па 70 цэнтнераў з гектара, – адзначае дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты.
– Жніво толькі пачалося. Усё яшчэ наперадзе. За рэйс, якіх у дзень раблю чатыры – пяць, перавожу ў сярэднім па 18 тон збожжа. Канешне, буду старацца. І не толькі дзеля перамог і рэкордаў. Проста выконваю свае абавязкі і люблю справу, якой займаюся, – гаворыць Юрый Прышчэпа.
Сёлетняе жніво ў яго кар’еры – восьмае. Як сеў у 2013 годзе за руль новенькага МАЗа, так і пераязджае з ім са жніва на жніво. Свайго жалезнага сябра вадзіцель беражэ, самастойна рамантуе, ведае ад вінціка да вінціка. А дома мужа і бацьку заўжды з нецярпеннем чакаюць жонка і трое дзетак.
Неўпрыкметку праляцелі кароткія хвіліны перапынку для такой прыемнай падзеі – і Юрый зноў за рулём. Пара жніўная, гарачая, прамаруджванняў не церпіць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.