Справа для смелых.25 ліпеня – Дзень пажарнай службы
Калі сабраць разам людзей, якім хоць аднойчы пажарныя-выратавальнікі Ляхавіцкага ранс аказвалі дапамогу, без перабольшвання, атрымаецца зусім немалая колькасць удзячных. Тэлефонны нумар МНС 101 ці 112 ніколі не бывае заняты і вядомы нават дашкольнікам.
Каманда прафесіяналаў
Полымя метр за метрам «глынае» дах, падаюць бэлькі перакрыцця, дым выядае вочы… Хто адважыцца зайсці ў вогненнае памяшканне? Пажарныя-выратавальнікі з такімі надзвычайнымі сітуацыямі і многімі іншымі, калі раздумваць і баяцца нельга, сутыкаюцца пастаянна. Тушаць пажары, выратоўваюць людзей з вады, адшукваюць грыбнікоў-ягаднікаў, вызваляюць з кватэрнага «палону» і г. д.
Сёння раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях – гэта ПАВЧ № 1 г. Ляхавічы, ПАВП № 11 у Ліпску, ПАВП № 13 у Тальмінавічах, ПАВП № 14 у Шчэрбаве плюс інспекцыя нагляду і прафілактыкі, два сектары: арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы надзвычайных сітуацый і прапаганды. Калектыў РАНС – шэсць дзясяткаў чалавек, з якіх 48 – пажарныя-выратавальнікі. Выпадковыя тут не затрымліваюцца – умовы працы патрабуюць асаблівай загартоўкі і вытрымкі, фізічнай і прафесійнай падрыхтоўкі.
Сярод тых, пра каго гавораць «прафесіянал высокага класа», – начальнік ПАВП № 11 Сяргей Зянько і камандзір аддзялення паста Аляксандр Абравец, начальнік ПАВП № 14 Вадзім Дыдышка і камандзір аддзялення паста Аляксандр Заплёцін. Сёлета партрэт Аляксандра Заплёціна занесены на раённую Галерэю славы, а за ўзорнае нясенне службы да святаАляксандр узнагароджаны нагрудным знакам МНС «Выдатнік». Прафесіяналізм і адданасць прафесіі характарызуюць камандзіра аддзялення ПАВЧ № 1 Паўла Радзюка, вадзіцеляў часці Аляксандра Беляновіча і Вадзіма Царыка, вадзіцеля ПАВП № 13 Вадзіма Трусевіча.
Да прафесійнага свята дзяржаўнай узнагародай – медалём «За бездакорную службу» II ступені – адзначаны камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 Юрый Смаршчок, медалём III ступені – вадзіцель ПАВП № 13 Аляксандр Грачыха.
Намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ падкрэслівае, што і маладое папаўненне не падводзіць – у калектыў уліваюцца работнікі адказныя і нераўнадушныя. Руслан Бурак,які нясе службу з мінулага года, пачынаў пажарным-выратавальнікам, а сёння ён камандзір аддзялення ПАВЧ № 1. За год заслужыў шмат добрых слоў і старшы пажарны Раман Папко. Аляксей Еўхач тры месяцы назад закончыў Салігорскі горна-хімічны каледж, але паспеў увайсці ў абласную зборную каманду па шматбор’і «Моцны пажарны-выратавальнік».
13 – лічба шчаслівая
У начальніка ПАВП № 13 Віталія Кедзя стаж работы ў органах па надзвычайных сітуацыях – больш за чвэрць стагоддзя. У паслужным спісе значацца пасады і вадзіцеля, і старшага пажарнага. Другі год ён узначальвае пост, і выратавальнік для яго не прафесія – лад жыцця. Вопытны і рашучы, у экстрэмальнай сітуацыі ўмее прыняць адзіна правільнае рашэнне.
У падначаленні Віталія Кедзя зладжаная каманда з шасці чалавек. І хоць нумар паста мае лічбу адметную – № 13, яго работнікі ў прыкметы не вераць. Да справы адносяцца добрасумленна, аператыўна выязджаюць на здарэнні, імкнуцца рабіць усё магчымае, каб выратаваць чалавечае жыццё. Тэрыторыя адказнасці тальмінавіцкага паста, акрамя аграгарадка, – і Ганчары, Мядзведзічы, Куршына-вічы, Гайнін, іншыя населеныя пункты. Пры неабходнасці выязджаюць на пажары ў Сіняўку і Клецк.
Калі працоўны дзень прадстаўнікоў іншых прафесій доўжыцца восем ці 12 гадзін, то ў выратавальнікаў – суткі. У 8.00 пачынаецца развод, дзе асабовы склад знаёміцца з аператыўнай сітуацыяй, ставяцца задачы. У рэжыме дня – падтрыманне фізічнай формы, трэніроўкі па ўдасканаленні прафесійных навыкаў і заняткі па пажарна-аварыйна-выратавальнай падрыхтоўцы. Штодзённа правяраюцца стан і працаздольнасць тэхнікі і спецінструмента. А бывае і так, што некалькі гадзін працуюць на месцы пажару.
У студзені, дзякуючы зладжаным і вывераным дзеянням камандзіра аддзялення Юрыя Малевіча і вадзіцеля Аляксандра Грачыхі, жылы дом у Мядзведзічах у літаральным сэнсе быў вырваны з агню і амаль не пацярпеў. Вясной у Куршынавічах загарэлася летняя кухня.
Прадухіліць узгаранне дома дапамог прафесіяналізм Юрыя Малевіча і вадзіцеля Стаса Гаўрыса. Зімой Кедзь і Грачыха дапамаглі аўтобусу, які засеў у снезе, а ў Мінічах начальнік паста з вадзіцелем Вадзімам Трусевічам выцягвалі са снегу машыну хуткай дапамогі. І такіх выратавальных прыкладаў у супрацоўнікаў тальмінавіцкага паста шмат. Асабовы склад ПАВП – кадры падрыхтаваныя, правераныя
часам і справай.
Агульная выслуга камандзіра аддзялення ПАВП Юрыя Малевіча – без малога 21 год, з якіх 12 з паловай – на сённяшняй пасадзе. Чалавек на сваім месцы – гэта пра яго. Бездакорна выконвае службовыя абавязкі, павышае прафесійны ўзровень і з’яўляецца спецыялістам 1 класа. Камандзір аддзялення Іван Шпак скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і магістратуру. Амаль два дзесяцігоддзі за рулём спецборта Аляксандр Грачыха. Машыну адчувае, як музыкант інструмент. Мае кваліфікацыйную катыгорыю «вадзіцель 1 класа», уваходзіць у зборную аддзела па лёгкаатлетычным кросе і гіравым спорце. Майстарскі кіруе ЗІЛам-131 і вадзіцель Сяргей Нікулін, а на месцы надзвычайнай сітуацыі ён паўнавартасны выратавальнік.
– У аснове дасягненняў і вынікаў – кадры, якія не падвядуць. Такія працуюць у РАНС. Іх боегатоўнасць можна ацэнваць па самай высокай шкале. Шчыра віншую калектыў і ветэранаў органаў па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам. Няхай у жыцці заўсёды суправаджаюць удача, упэўненасць у заўтрашнім дні, а дома чакаюць любімыя і дарагія людзі, – свае пажаданні калегам адрасуе начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Не толькі пажары
Усяго некалькі канкрэтных прыкладаў, калі на дапамогу землякам прыйшлі выратавальнікі.
● За мінулы год пажарныя-выратавальнікі 12 разоў выязджалі на ўзгаранне тарфянікаў, 133 – на тушэнне травы і 9 – на тушэнне лесу.
● У мінулым верасні пажарныя-выратавальнікі ў Альхоўцах выцягнулі з ямы каня, які ўваліўся туды, калі пасвіўся на пашы.
● Дапамагаюць пажарныя-выратавальнікі і ў сітуацыях, калі зачыніліся дзверы, а ў кватэры без дарослых засталося дзіця. Так было ў маі ў райцэнтры ў доме па вуліцы Юбілейнай. Маці выйшла на вуліцу, а 2,5-гадовае дзіця закрылася ў кватэры. Пажарныя-выратавальнікі ўвайшлі ў памяшканне праз балкон.
● А гэта гісторыя адбылася пазалетась напрыканцы чэрвеня. Прахожыя заўважылі, што па падаконніку на другім паверсе шматкватэрніка поўзае дзіця. Яны патэлефанавалі ў РАНС, і выратавальнікі праз тры мінуты былі на месцы. Гадавалая дзяўчынка сядзела на падаконніку ў кватэры. Адна рама акна была адчынена, маскітнай сеткі на ёй не было. Каб дапамагчы дзіцяці, супрацоўнікам РАНС давялося ўзняцца наверх па рассоўнай лесвіцы. Яны знялі дзяўчынку з падаконніка і перадалі ў педыятрычнае аддзяленне райбальніцы.
● Сёлета ў чэрвені давялося дапамагчы жыхарцы Малога Падлесся, у двор якой запаўзла змяя і кідалася на гаспадыню. Жанчына патэлефанавала ў РАНС. Пажарныя-выратавальнікі з дапамогай спецінструмента злавілі паўзуна, якім аказаўся вуж.
З узнагародай! За значны ўклад у дзейнасць па папярэджанні і ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці, а таксама ў сувязі са святкаваннем Дня пажарнай службы адзначаны ўзнагародамі шэраг работнікаў РАНС:
Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта – старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі капітан унутранай службы Сяргей РАБЦЭВІЧ, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 14 старшына ўнутранай службы Аляксандр КІСЛЯК;
Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў – інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі старшы лейтэнант унутранай службы Аляксей КЛЕТАНІЦА, вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 старшына ўнутранай службы Аляксандр ЧАБАТАРЭНКА.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Слова віншавальнае. Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём пажарнай службы – калектыву і ветэранам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.