Малако не ўцякло. Але і асаблівай прыбаўкі валавых надояў і паказчыкаў удойнасці ў ляхавіцкіх рагуль за апошнія паўгода не здарылася
Упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама падсумавала работу жывёлагадоўчага комплексу Ляхавіччыны за шэсць месяцаў бягучага года. Першае, на што звяртаеш увагу, што «чапляе» пасля знаёмства з прадстаўленым у якасці справаздачы таблічна-лічбавым матэрыялам, – жывёлаводы раёна спрацавалі фактычна на ўзроўні мінулага года. Напрыклад, валавая вытворчасць малака перавысіла аналагічны леташні паказчык на 0,9 працэнта.
Ці можна назваць гэта ростам, у чым прычыны спаду вытворчасці ў адных і некаторай прыбаўкі ў асобных іншых нашых сельгаспрадпрыемствах? Якія з прыведзеных у выніковай табліцы лічбаў не падабаюцца, і на што неабходна выходзіць, каб звацца паспяховым жывёлаводам? За каментарыем па гэтых і іншых у тэму пытаннях «Ляхавіцкі веснік» звярнуўся да першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка райсельгасхарчу Васілія Пыжыка.
Першы гатунак – брак
– Ні адзін з паказаных і прыведзеных у табліцы вытворчых паказчыкаў работы жывёлагадоўлі раёна ў першым паўгоддзі 2021-га не з’яўляецца высокім. Хутчэй наадварот – выклікае нездаволенасць. Ставіцца задача, што, напрыклад, 90 працэнтаў малака павінна рэалізоўвацца гатункамі экстра і вы-шэйшым. Мы пакуль да гэтага не дацягваем: раён у цэлым на нязначныя ўвогуле 0,4 працэнта, а асобныя з сельгаспрадпрыемстваў на 20, 40, а то і ўсе 70 працэнтных пунктаў. І справа не ў каровах, якія, будучы здаровымі, даюць толькі высакаякасны прадукт, а ў персанале, які не дамыў, не даглядзеў, не далячыў, не пракантраляваў – не да канца зрабіў сваю работу. Ці ўзяць прывагі на дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Сярэднераённы, па выніках паўгоддзя, паказчык адмінусаваў ад мінулагодняга 24 пункты і складае 574 грамы на галаву ў суткі. У той час як стабільнага вытворчага эфекту можна дасягнуць пры атрыманні не менш як 650-грамовых сутачных прываг. Нізкія прывагі – гэта расцягнутыя на месяцы тэрміны наступлення момантаў абнаўлення дойных статкаў і, адпаведна, іх меншая прадукцыйнасць. А дакладнасць, паўната і своечасовасць з’яўляюцца першымі абавязковымі звёнамі ланцужка эфектыўнай работы жывёлагадоўлі, – адзначыў Васілій Пыжык.
У працяг тэмы якасці пастаўляемага на перапрацоўку малака ўзгадаем прыемнае, але далёка не новае – факт стапрацэнтнай рэалізацыі сваёй прадукцыі гатункамі экстра і вышэйшым
СВК «Ляхавіцкі». Прыбавіўшы ў якасці зусім крыху – 0,7 працэнта да мінулагодняга паказчыка, на ўзровень «Ляхавіцкага» выйшла ААТ «Нача». Іншых стабальнікаў у раёне не значыцца. Як спадзяецца і ўпэўнены наш суразмоўца, няма пакуль, на даным этапе часу. Хоць бы таму, што ёсць «Жарабковічы», дзе працэнт рэалізацыі малака двума высокімі гатункамі якасці складае больш за 92.
Два берагі малочнай ракі
Тая акалічнасць, што па выніках першай паловы 2021 года ў грамадскім сектары жывёлагадоўлі раёна была надоена прыкладна тая ж колькасць малака, што і за аналагічны леташні перыяд – тэмп склаў 100,9 працэнта, – можа разглядацца з дзвюх, як мінімум, пазіцый. Плюс у тым, што, нягледзячы на розныя «за» і «супраць», атрымалася захаваць і нават на 0,9 працэнта разагнаць дынаміку. А мінус – што дасягнута гэта было за кошт толькі двух адкрытых акцыянерных таварыстваў раёна – «Начы» і «Жарабковічаў». За паўгоддзе першая гаспадарка вырасла ў надоях на восем працэнтаў, другая – на 5,2 працэнта. Шасцімесячны вал у «Жарабковічах» склаў больш за дзевяць тысяч тон малака, у «Начы» – больш за тры з паловай тысячы. Гэтага хапіла, каб пераважыць страты, дапушчаныя на працягу паўгоддзя іншымі нашымі гаспадаркамі.
За кошт чаго лідарам удалося падняць надоі?
– Паколькі ўдойнасць і жарабковіцкіх, і начаўскіх кароў за гэты перыяд большай не стала, відавочна, што прычына росту заключаецца ў павелічэнні дойных статкаў. У бягучым годзе ў «Начы» кароў стала на два дзясяткі больш, чым было летась, а «Жарабковічы» дык і ўвогуле прыбавілі ў каровах ледзь ці не сотню галоў. Трэба яшчэ сказаць і пра агульную накіраванасць дзвюх гэтых гаспадарак на развіццё жывёлагадоўлі. Так, у «Жарабковічах» параўнальна нядаўна ўступіў у дзеянне новы малочнатаварны комплекс «Зарытава», а ў планах ужо значыцца будаўніцтва яшчэ аднаго сучаснага жывёлагадоўчага аб’екта. У «Начы» пабудавалі і паспяхова эксплуатуюць новыя «Зубелевічы», – прыводзіць свае аргументы «за» першы намеснік старшыні райвыканкама.
На другім беразе малочнай ракі размясціліся ўсе іншыя нашы сельгасарганізацыі. Нязвыкла, але факт: падзенне паўгадавых надояў і сярэдняга ўдою на карову дапусцілі нават жывёлаводы СВК «Ляхавіцкі». Пры тым, што па-ранейшаму працягваюць заставацца самымі паспяховымі сярод усіх раённых і вельмі многіх абласных калег. «Паўгадавыя» 4,2 тысячы кілаграмаў малака ад кожнай русінавіцкай каровы – вынік абсалютна гросмайстарскі.
– Чаму ці з-за чаго здарыліся сёлетнія мінус чатыры працэнты ў надоях у параўнанні з мінулым годам, адназначна не скажу. Можа гэта простае супадзенне нейкіх дробных фактараў, ланцужок акалічнасцяў, якія нябачныя самі па сабе, а разам могуць і спрацаваць. Але без глыбокага аналізу спраў назваць дакладную прычыну складана, – разважае Васілій Мікалаевіч.
Невысокімі вытворчымі здабыткамі і адмоўнай дынамікай развіцця адрозніваецца ДП «Ліпнянка». За мінулыя паўгода вытворчасць малака ў гаспадарцы знізілася ўдвая, удойнасць сярэдняй
каровы стала на 477 кілаграмаў менш важкай. Несур’ёзным з’яўляецца працэнт малака, рэалізаванага гатункамі экстра і вышэйшым, жадаюць быць многа лепшымі сутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы.
ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» па паказчыках вытворчасці і якасці малака знаходзіцца на адным з апошніх месцаў у раёне. Хацелася б жадаць і думаць – пакуль, таму што апошнім часам паказвае нядрэнную дынаміку. Напрыклад, за справаздачныя паўгода сэрвіс падняў удойнасць кароў на 203 кілаграмы, палепшылася якасць прадаваемай прадукцыі. А пра сэрвісаўскія прывагі буйной рагатай жывёлы можна сказаць асобна і акцэнтавана – гэта адзіная гаспадарка раёна, дзе за шэсць месяцаў прывагі павялічыліся на 75 грамаў і складаюць даволі высокія 676 грамаў на галаву ў суткі. Толькі ў «Ляхавіцкім» гэты паказчык лепшы – раўняецца 749 грамам.
– Галоўнай праблемай, з якой давялося сутыкнуцца шэрагу сельгасарганізацый раёна на этапе завяршэння стойлавага перыяду, сталі кармы. Дакладней, недахоп травяністых кармоў уласнай вытворчасці. Некаторыя ўжо ў сакавіку вымушаны былі перайсці на пакупныя кармы. А гэта значыць, дадатковыя затраты на вытворчасць і страта эфектыўнасці гаспадарання. Таму ўмацаванне кармавой базы з’яўляецца абсалютным прыярытэтам кожнага з сельгаспрадпрыемстваў, АПК раёна ў цэлым. Важных момантаў нямала: адказнасць, прафесіяналізм і добрасумленнасць кадраў, здароўе і вытворчы патэнцыял жывёлы, умовы іх утрымання і тэхналагічнасць догляду. Аднак усё гэта можна пабудаваць толькі на падмурку гарантавана трывалай кармавой базы, – упэўнены Васілій Пыжык.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.