Канюхоўскі марафет. На авечкаферме ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна сезон навядзення прыгажосці

На календары ліпень. Значыць, ААТ «Жарабковічы» зноў адкрывае сезон навядзення прыгажосці для тутэйшай жывёлы. Цырульня – манікюрны салон месціцца па звыклым адрасе: авечкаферма «Канюхі». У якасці мадэляў – прадстаўнікі кучаравага статка: авечкі, бараны асканійскай пароды, мерыналандшаф і прэкас.

Сёлета імідж памяняюць 2700 тутэйшых падапечных. Папярэдняга запісу да майстроў няма, усё строга па жывой чарзе. Дакладней, хто першым трапляе ў рукі стылістаў-жывёлаводаў, той і адпраўляецца ў імправізаванае крэсла да майстра. А яны тут надзвычай вопытныя і спрактыкаваныя, працуюць даўно і маюць свой почырк.

Напрыклад, стрыгальшчык Аляксандр Калюбка – «цырульнік» віртуозны, мае падыход да любога, нават самага патрабавальнага
«кліента». Стараецца не адставаць ад калегі і Дзмітрый Ленкавец – справу сваю ведае. За дзень стрыгальшчык у сярэднім апрацоўвае 80–90 бараноў і авечак. Яны, дарэчы, з такога салона выходзяць не толькі з падстрыжанымі капытамі, але і скідваюць цяжкае гарачае футра.

– Падчас стрыжкі кожная жывёла ў залежнасці ад узросту, памераў, пароды губляе ад двух да дзесяці кілаграмаў воўны. Самы важкі «ўраджай» даюць аднагадовыя бараны, якія стрыгуцца ўпершыню. Для жывёлы падстрыгчыся – сапраўднае выратаванне ў гарачыню. Яшчэ адзін немалаважны аргумент – тое, што своечасова выкананая працэдура ўплывае на апетыт. А калі прадоўжыць ланцужок, то і на набор вагі, і фізічную актыўнасць, здароўе жывёлы, –расказвае загадчык фермы Рыгор Зубік.

Загадчык Канюхоўскай фермы Рыгор Зубік.

Перш чым трапіць да цырульнікаў-стрыгальшчыкаў, жывёла адпраўляецца ў манікюрна-педыкюрны салон. Гэта таксама адладжаная працэдура. Пры абрэзцы капытоў немалаважную ролю своеасаблівых фіксатараў выконваюць навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа, якія ўваходзяць у студатрад. Яны моцна трымаюць кучаравых «кліентаў». Праўда, апошнія не надта супраціўляюцца, напэўна, разумеюць, што такім чынам чалавек клапоціцца пра іх здароўе.

Яшчэ адна абавязковая працэдура – забор крыві для далейшага даследавання на розныя захворванні. Па яго выніках ідзе таксама сартаванне і выбракоўка пагалоўя. Жывёла ва ўзросце сямі-васьмі гадоў адпраўляецца на Бярозаўскі мясакамбінат, астатняя застаецца на авечкаферме.

У сярэднім штомесячна здаецца на мясаперапрацоўку ад 50 да 300 кілаграмаў бараніны. Дарэчы, тушонка з жарабковіцкай бараніны, якую выпускаюць у Бярозе, надзвычай запатрабавана ў пакупнікоў. Сваю прадукцыю «Жарабковічы» пастаўляюць і на іншыя перапрацоўчыя прадпрыемствы краіны.

Ветфельчар Наталля Кукета і ўрач-эпізаатолаг Марына Лапіч.

Важны этап – апрацоўка парэзаў і ран. Клапоцяцца пра жывёлу, адказна выконваюць кожны сваю аперацыю селекцыянер Іван Сакалоўскі, ветэрынарны фельчар Наталля Кукета, урач-эпізаатолаг Марына Лапіч. Увогуле, Марына Лапіч толькі робіць свае першыя крокі ў прафесіі – атрымала дыплом Ляхавіцкага агракаледжа сёлета напрыканцы красавіка і размеркавалася ў райветстанцыю.

– Два гады запар яшчэ падчас вучобы ў каледжы была ў складзе студатрада і тады ўжо вучылася стрыгчы бараноў і авечак, абразаць капыты, выконваць іншыя маніпуляцыі. І вось рада зноў дапамагчы «Жарабковічам». Менавіта дзякуючы тутэйшай практыцы, многа чаму навучылася і ўпэўнілася: атрымала прафесію па душы. Планую прадоўжыць вучобу па спецыяльнасці ў ВНУ, праўда, завочна, – разважае малады спецыяліст Марына Лапіч.

– Пагалоўе «Канюхоў» цяпер налічвае больш за 3420 авечак, бараноў, ягнят. Кармоў хапае, яны ўласнай вытворчасці, без ніякіх дабавак. Кармленне механізаванае. Зааветспецыялісты распрацавалі дыферэнцыраваныя рацыёны для матачнага пагалоўя і агульнага статка. А маладняк на шчодрым кармавым стале мае дадатковую порцыю ў выглядзе зерня. Клапоцімся і пра тое, каб матачнае пагалоўе часцей бывала на свежым паветры. Іх выгул абмяжоўваецца не толькі дваровай тэрыторыяй аўчарняў, побач знаходзіцца і зялёная пашавая тэрыторыя, – расказвае Рыгор Зубік.

Пасля стрыжкі воўна сартуецца, фарміруюцца пад прэсам цюкі. У гэтым годзе ў «Жарабковічах» плануюць настрыгчы каля васьмі тон воўны вышэйшай якасці. Потым усё ідзе на склад. Раней далейшы шлях воўны ляжаў на Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку. Аднак яна гадамі не разлічвалася з «Жарабковічамі» за сыравіну, таму гаспадарка вырашыла памяняць партнёраў-спажыўцоў. Як вядома, хто шукае, той знаходзіць. Напрыклад, у бліжэйшы час плануюцца пастаўкі сыравіны на віцебскае прадпрыемства «Ланатэкс», якое выпускае камплектуючыя для абутку.

– Здароўе нашых падапечных залежыць ад кармлення і ўмоў утрымання. Як і ў людзей, у жывёлы лепш хваробу папярэдзіць, чым потым лячыць. Гэта тычыцца любых ветэрынарных захворван-
няў, а інфекцыйных – асабліва. Таму важную ролю надаём прафілактыцы, у прыватнасці, вакцынацыі, яе праводзім двойчы ў год, – адзначае спецыяліст з 16-гадовым стажам Наталля Кукета.

А тым часам пасля салонных працэдур задаволеная жывёла адпраўляецца на прагулку на свежым паветры. І гэта таксама неад’емная частка клопату пра здароўе.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.